У выніку страляніны ў Кіеве пацярпелі 14 чалавек
1- 18.04.2026, 21:15
- 2,490
Параненых можа стаць яшчэ больш.
У выніку страляніны ў Галасееўскім раёне Кіева загінулі шэсць чалавек, па стане на цяпер вядома пра 14 пацярпелых.
Пра гэта паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі у вячэрнім звароце ў суботу, 18 красавіка.
Ён нагадаў, што мужчына, які ўчыніў страляніну, захапіў закладнікаў і забіў аднаго з іх. Яшчэ чатырох чалавек нападнік забіў проста на вуліцы. Пазней у бальніцы памерла жанчына, якая атрымала цяжкія раненні.
Чатырох закладнікаў удалося выратаваць.
Пацярпелых можа станавіцца яшчэ больш, адзначыў Уладзімір Зяленскі — «людзі яшчэ звяртаюцца па дапамогу». Сярод параненых — 12-гадовы хлопчык.
Па словах Зяленскага, перад тым як выйсці са зброяй на вуліцу, нападнік падпаліў кватэру. Раней мужчына ўжо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці.
Зяленскі пацвердзіў інфармацыю пра тое, што ён доўга жыў у Данецкай вобласці, а нарадзіўся ў Расіі.
«Цяпер высвятляецца ўсё, што можа быць пра яго вядома і чаму ён такое нарабіў. Трэба праверыць кожную дэталь. У следчых у працы некалькі версій. Усе яго электронныя прылады, тэлефон, усе сувязі будуць правераныя», — адзначыў Уладзімір Зяленскі.