18 красавiка 2026, Субота, 15:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якое марожанае смачней — беларускае ці расійскае?

12
Якое марожанае смачней — беларускае ці расійскае?

У Сеціве ўспыхнула няжартоўная спрэчка.

Карыстальніца Threads з нікам mamacita_go прызналася, што для яе «расійскае марожанае значна смачнейшае за беларускае». Усяго за суткі пад яе заявай сабралася каля 750 каментароў — большасць, як можна здагадацца, ад беларусаў і беларусак. Многія пачалі спрачацца з аўтаркай паста, але знайшліся і тыя, хто пагадзіўся. Распавядаем, якія аргументы прыводзілі бакі пломбірнай бітвы, піша «Зеркало».

«Можаце закідаць мяне тапкамі, але расійскае марожанае значна смачнейшае за беларускае. І цукеркі таксама. Ну не ўмеюць у Беларусі рабіць смачнае марожанае: якое ні вазьмі — побач з расійскім і не стаіць», — напісала mamacita_go, якая, верагодна, жыве ў Мінску (аднак, падаецца, або родам з Расіі, або рэгулярна там бывае).

Пост пра марожанае разляцеўся — яго паглядзелі амаль 100 тысяч разоў. Многія вырашылі выказаць сваё меркаванне ў каментарыях. Часта яно гучала якраз у абарону беларускіх прадуктаў:

«У беларускае проста г**на не дадаюць, вось вам і нязвычна».

«Па ўсёй Расіі ёсць крамы «Беларускія прадукты». Такія крамы «Рускія прадукты» ёсць? У Беларусі? Няма. Усё, разыходзімся».

«Нічога расійскага не бяру, не давяраю якасці. Купляю беларускае, падтрымліваю айчынных вытворцаў».

«Я з Беларусі. Тапкамі кідаць не буду, закідаю бульбай. У Беларусі ўсе прадукты шыкоўныя!»

«Вось-вось вашы землякі ў віцебскай «Кароне» па дзве каляскі малочкі, шакаладу, мяса (мясной прадукцыі. — Заўв. рэд.) набіраюць… На ўтылізацыю, напэўна?»

«Я з Расіі. І смачней за «Каштан», «Вавёрку», «Белы полюс» нічога ў жыцці не ела з марожанага. Палову жыцця жыла ў Расіі, думала, што ела глазаваныя сыркі, але пасля пераезду ў Мінск зразумела, што раней ела нейкае месіва з заменнікаў, згусціцеляў і падабенства шакаладу. Дык што не дурэце мне галаву».

«А чаму тады вашыя суайчыннікі, прыязджаючы да нас адпачываць на возера Нарач, вывозяць каляскамі па паўкрамы прадуктаў?!»

Праўда, былі і тыя, хто падтрымаў аўтарку паста.

«Прывезла мне свацця з Масквы цукерак і чаю краснадарскага, дай Бог ёй здароўя. Смачна! Яна ў гэтым толк мае. А вось нашыя цукеркі я ўжо даўно не купляю. І ўвогуле, часцей звяртаю ўвагу на склад»

Некаторыя ўсур’ёз узяліся абмяркоўваць, што ўваходзіць у марожанае і іншыя прадукты. Частка людзей лічыць: тое, што ў Беларусі «чыстыя» склады, даўно стала толькі стэрэатыпам.

«Ну навошта тапкамі [закидаць]? Проста навучыся чытаць склад. Праўда, на расійскіх прадуктах (асабліва на салодкім) ён часта нечытэльны, бо там яд і смерць. У нас з гэтым таксама не ідэальна, але можна знайсці нешта адносна бязшкоднае».

«Наконт марожанага згодная з вамі на 100%! Тыя, хто піша «чытайце склад», дык вы вазьміце і пачытайце! Даўно ўжо ў большасці беларускага марожанага няма цэльнага малака, у адрозненне якраз ад расійскага, дзе ў складзе — цэльнае малако, згушчонае малако, масла. У нас толькі Кобрын пакуль трымаецца», — адзначыла ў каментарыях гамяльчанка.

«Панове, што чытаеце склад. Спецыяльна для вас [публікую] склады папулярных беларускіх відаў марожанага, якіх у вялікай колькасці ў кожнай краме», — дадала mamacita_go, выклаўшы этыкеткі «Топа», «Капрызу» і класічнага пломбіру фірмы «Белы полюс». У глазуры апошняга, напрыклад, утрымліваецца «пальмоядравы алей».

Іншыя ж проста пачалі пасмейвацца з аўтаркі паста.

«Хоць наконт марожанага магу пагадзіцца, склады часам жахлівыя, але такога, як у нас, зефіру вы дакладна нідзе не знойдзеце. Дайце шанец беларускаму вытворцу пакінуць пра сябе прыемнае ўражанне, і склад там добры, карысны», — напісала карыстальніца m.chp, прыклаўшы фота нашумелага «слабіцельнага» зефіру.

Пост тым часам працягвае збіраць новыя каментары і віраліцца ў Threads — удзельнічаць у дыскусіі пачынаюць нават самі вытворцы марожанага.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках