Міністр замежных спраў Украіны паставіў на месца расійскіх прапагандыстаў
- 18.04.2026, 13:26
- 3,812
Фота: Pavlo Bahmut/Global Look Press
Чаму Пуцін хаваецца?
Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга заявіў пра гатоўнасць прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага сустрэцца з кіраўніком Крэмля Уладзімірам Пуціным. У той жа час ён іранічна запытаўся ў прапагандыстаў РФ пра нежаданне кіраўніка Расіі ісці на перамовы.

Такою была рэакцыя ўкраінскага дыпламата на пытанні расійскіх прапагандыстаў падчас візіту Андрэя Сыбігі ў Анталію ў межах дыпламатычнага форуму. Відэа з адказам кіраўніка МЗС Украіны апублікавала выданне РБК-Украіна.
Украінская дэлегацыя спрабавала трапіць на дыпламатычны раўт, калі іх акружылі расійскія прапагандысты. Яны пачалі актыўна выкрыкваць і пытацца ў кіраўніка МЗС пра верагодныя перамовы паміж Кіевам і Масквой.
«Зяленскі гатовы сустрэцца з Пуціным. Пытанне — чаму ён хаваецца?» — адказаў Сыбіга расійскім прапагандыстам.
Пазней украінскі дыпламат накіраваўся на запланаваныя сустрэчы ў межах Анталійскага дыпламатычнага форуму. На сваёй старонцы ў X дыпламат паведаміў пра шэраг удалых сустрэч з прадстаўнікамі Вялікабрытаніі, Літвы і Швейцарыі.