Беспілотнікі атакавалі буйны НПЗ у расійскім Новакуйбышаўску
5- 18.04.2026, 8:24
- 2,016
На заводзе пажар.
Пад раніцу 18 красавіка беспілотнікі атакавалі Самарскую вобласць Расіі, дзе пасля серыі выбухаў узнік пажар на адным з мясцовых нафтаперапрацоўчых заводаў, паведамляе «Фокус».
Гэтай ноччу дроны маглі паразіць буйны НПЗ у горадзе Новакуйбышаўск Самарскай вобласці РФ. Пра гэта паведамілі OSINT-каналы.
У сетцы паказалі кадры атакі і наступствы удараў. Пасля выбухаў у небе над горадам падняўся густы цёмны дым, а на самой тэрыторыі завода ўспыхнуў пажар, пішуць аналітыкі. Афіцыйнага пацвярджэння атакі на момант публікацыі няма.
Расійскія Telegram-каналы таксама скардзяцца на атаку дронаў у Новакуйбышаўску. У сетцы пішуць, што гучныя гукі выбухаў у горадзе прагрымелі каля 04:30 па мясцовым часе: іх было чутна ва ўсходняй і паўночнай частках Новакуйбышаўска. Усяго сведкі налічылі не менш як 6–8 выбухаў і бачылі яркія ўспышкі ў небе на фоне атакі.
«У горадзе гучыць сірэна паветранай трывогі, а ў аэрапорце дзейнічае рэжым «Кавёр», — пішуць расіяне.»
Губернатар Самарскай вобласці Вячаслаў Федарышчаў на момант публікацыі не каментаваў атакі на Новакуйбышаўск. Ён толькі паведамляў каля 03:00 аб абвяшчэнні паветранай трывогі ў рэгіёне на фоне пагрозы атакі беспілотнікаў.
Імаверна, гэтай ноччу дроны маглі паразіць Новакуйбышаўскі НПЗ, які належыць кампаніі «Раснафта». Прадпрыемства з'яўляецца адным з ключавых нафтаперапрацоўчых аб'ектаў «Раснафты» ў Паволжскім рэгіёне, яго магутнасць складае 8,8 мільёна тон нафты на год. Раней гэты аб'ект расійскай прамысловасці ўжо трапляў пад атакі дронаў.
Варта нагадаць, што ў ноч на 18 красавіка серыя выбухаў прагрымела ў акупаваным Севастопалі: у выніку удараў пажар узнік у мясцовым порце.