У Севастопалі пасля атакі дронаў і «Фламінга» гарыць порт
13- 18.04.2026, 8:08
- 11,418
Выбухі таксама прагучалі ў раёне ЦЭЦ і аэрадромаў.
У часова акупаваным Севастопалі ў ноч на 18 красавіка прагрымела серыя выбухаў. Паводле звестак маніторынгавых каналаў, беспілотнікі атакавалі порт і аб’екты інфраструктуры.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на OSINT-каналы.
Атака на Севастопаль
Атака на акупаваны Крым пачалася каля 01:00. Відавочцы паведамілі пра выбухі і «прылёт» у Бахчысараі, а таксама пра пускі ракет расійскай СПА ў Саках, дзе дзейнічае вайсковы аэрадром расіян, і ў Еўпаторыі.

Праз пэўны час выбухі пачалі чувацца ў Севастопалі.
«У горадзе чутна шматлікія выбухі, расійская СПА вяла інтансіўны агонь “з усіх пазіцый”», — пішуць OSINT-каналы.
Стральбу фіксавалі ў раёне Севастопальскай ЦЭЦ, а з Сапун-Гары працаваў пражэктар. Над Ленінскім раёнам горада чулі пралёт беспілотніка.
Маніторынгавы канал Exilenova+ апублікаваў відэа, на якіх бачна, што пасля атакі гарыць порт Севастопаля.
Моцны пажар назіраецца ў напрамку бухтаў Камышовая і Казацкая. Пра гэта паведамляе праўкраінскі Telegram-канал «Крымскі вецер».
«Па магутнасці выбуху гэта параўнальна з тым, калі па Севастопалі наляталі Storm Shadow, нават мацней. Магчыма, «Фламінга» наведаліся», — сцвярджаюць у канале.
Пазней відавочцы паведамлялі, што ў Севастопалі пасля атакі назіраецца шэраг «прылётаў». Падзенне абломкаў, у прыватнасці, фіксуюць у раёне праспекта Перамогі.
Тым часам OSINT-аналітыкі пішуць, што пасля масіраванай атакі на Севастопаль узняўся пажар у раёне порта. У горадзе таксама назіраецца шэраг пажараў у выніку атакі. Маніторынгавы канал Supernova+ удакладняе, што ў порце Севастопаля гарыць рэзервуар з нафтапрадуктамі.
Так званы губернатар Севастопаля Разважаеў атаку і пажар у горадзе пацвердзіў: піша, што пажар узнік нібыта ў выніку падзення абломкаў збітага БПЛА. Плошча ўзгарання, як ён сцвярджае, нібыта невялікая, а гарыць рэзервуар з рэшткамі паліва ў раёне мікрараёна Казацкай бухты.
Удары па аэрадромах
Акрамя таго, паведамляецца пра серыю выбухаў у раёне аэрадрома «Сакі» ў Новафёдараўцы каля 01:20. На аэрадроме «Кача» відавочцы чулі запуск сігнальных ракет і агонь з зенітак і кулямётаў трасіруючымі боепрыпасамі.