Зяленскі расказаў, калі адновіцца транзіт нафты праз «Дружбу»
1- 17.03.2026, 16:43
- 4,040
Прэзідэнт Украіны напісаў лідарам ЕС.
Уладзімір Зяленскі заявіў кіраўніцтву ЕС, што на аднаўленне транзіту па нафтаправодзе «Дружба» пасля расійскіх удараў спатрэбіцца каля паўтара месяца. Пра гэта гаворыцца ў лісце прэзідэнта Украіны, піша «Еўрапейская праўда».
Раней прэзідэнт Еўракамісіі і прэзідэнт Еўрапейскага савета накіравалі ліст Зяленскаму, у якім прапаноўвалі Украіне тэхнічную і фінансавую дапамогу для аднаўлення паставак нафты ў Венгрыю і Славакію праз нафтаправод «Дружба».
Зяленскі ў лісце ад 17 сакавіка адзначыў, што апошнія пашкоджанні інфраструктуры «Дружбы» даволі сур'ёзныя, і поўнае спыненне працы адной перакачвальнай станцыі — у Бродах — не дазваляе падтрымліваць у нафтаправодзе дастатковы ціск і забяспечваць бяспечны транзіт.
«Сцвярджэнні пра тое, што Украіна наўмысна блакуе транзіт нафты праз «Дружбу», — беспадстаўныя», — падкрэсліў ён.
Кіраўнік дзяржавы таксама запэўніў, што Украіна з першых жа дзён пасля таго ўдару пачала працаваць над альтэрнатыўным тэхнічным рашэннем, і гэтая праца набліжаецца да завяршэння.
«Мы чакаем, што цягам прыблізна 1,5 месяца перакачвальная станцыя ў Бродах адновіць тэхнічную працаздольнасць. Гэта забяспечыць поўнае аднаўленне паставак — вядома, калі не будзе новых удараў з боку РФ. Папярэднія тэхнічныя ацэнкі паказваюць, што пашкоджаны нафтавы рэзервуар аднавіць немагчыма. Таму Украіна разглядае магчымасць будаўніцтва падземнай інфраструктуры захоўвання», — гаворыцца ў лісце Зяленскага.
«У гэтым кантэксце я ўдзячны і прымаю вашу прапанову адносна неабходнай тэхнічнай падтрымкі і фінансавання, каб мы маглі завяршыць рамонтныя работы як мага хутчэй і разгледзець устойлівыя рашэнні на будучыню», — напісаў ён, дадаўшы, што даручыць кіраўніку НАК «Нафтогаз» звязацца з паслом ЕС ва Украіне па гэтым пытанні.