26 лiстапада 2026, Чацвер, 19:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былы галоўнакамандуючы ЗСУ пачаў дапамагаць Нарвегіі ўмацоўваць абарону ля мяжы з РФ

Былы галоўнакамандуючы ЗСУ пачаў дапамагаць Нарвегіі ўмацоўваць абарону ля мяжы з РФ
Эйрык Крыстоферсэн (злева) і Аляксандр Сырскі
Фота: Barents Observer

Аляксандр Сырскі дзеліцца сваім досведам у барацьбе з расійскай агрэсіяй.

На гэтым тыдні міністр абароны Украіны Яўген Хмара сустракаўся ў Осла са сваім нарвежскім калегам Турэ Сандвікам і міністрам фінансаў, былым генеральным сакратаром НАТА, Енсам Столтэнбергам; яны абмяркоўвалі, як Нарвегія можа дапамагчы Украіне абараняцца гэтай зімой ад расійскіх ракет і дронаў. Адначасова вайскоўцы абедзвюх краін аналізавалі і адваротную сітуацыю: як выкарыстаць украінскі баявы досвед для абароны амаль 200-кіламетровай сухапутнай мяжы Нарвегіі з Расіяй. Дапамагчы ва ўмацаванні сістэмы СПА ў раёнах, што знаходзяцца побач з моцна мілітарызаванай расійскай тэрыторыяй на Кольскім паўвостраве, нарвежцы запрасілі Аляксандра Сырскага.

У ходзе сакрэтнай місіі Сырскі, які камандаваў Узброенымі Сіламі Украіны ў 2024–2026 гадах, вывучыў памежную мясцовасць разам з начальнікам Генеральнага штаба Эйрыкам Крыстоферсэнам, паведаміў Barents Observer. Адказваючы на пытанне выдання пра магчымыя расійскія правакацыі на Крайнім Поўначы (накшталт прылёту ракет у Польшчу мінулага тыдня і ўсё большай колькасці выпадкаў з дронамі ў краінах Балтыі і Румыніі), Сырскі адказаў: «Вы павінны быць пастаянна гатовыя да правакацый, а ваша супрацьпаветраная абарона павінна знаходзіцца ў рэжыме гатоўнасці 24 гадзіны на суткі, 7 дзён на тыдзень».

Паводле Крыстоферсэна, пасля агляду мясцовасці вайскоўцы планавалі адправіцца ў Осла і там правесці штабныя вучэнні, «г.зн. разгледзець розныя сцэнары і вызначыць, як мы можам стрымліваць [Расію] і, пры неабходнасці, рэагаваць на гэтыя сцэнары».

Размова адбывалася на памежным пасту Ярф’ёрд, размешчаным прыкладна за 1 км ад мяжы з Расіяй, паведаміў Barents Observer. З іншага боку мяжы, у Мурманскай вобласці, знаходзіцца база дальняй авіяцыі «Аленя». Ракеты Х-101, што ўпалі ў Польшчы, нясуць бамбардзіроўшчыкі Ту-95МС; сем з іх узляцелі з гэтай авіябазы; выпушчаныя імі ракеты перасеклі тэрыторыю Украіны і ўвайшлі ў паветраную прастору Польшчы.

Прэм’ер-міністр Дональд Туск абвінаваціў Маскву ў «наўмыснай правакацыі», у тым ліку таму, што ракеты заляцелі ў яго краіну паблізу месца правядзення міжнародных вучэнняў, у якіх былі задзейнічаныя тысячы вайскоўцаў НАТА.

Калі Сырскі камандаваў ЗСУ, украінцы неаднаразова наносілі ўдары па авіябазе «Аленя», упершыню — у ліпені і жніўні 2024 года. А 1 чэрвеня 2025 года падчас аперацыі «Павуціна» з грамадзянскага грузавіка быў запушчаны рой дронаў, які знішчыў там чатыры бамбардзіроўшчыкі Ту-95МС і адзін ваенна-транспартны самалёт Ан-12.

Украіна будзе працягваць наносіць удары па гэтай авіябазе, паабяцаў Сырскі:

«Мы і далей будзем рабіць усё магчымае, каб максімальна аслабіць здольнасць Расіі наносіць удары па тэрыторыі Украіны, яе насельніцтве і інфраструктуры, выкарыстоўваючы ўсе наяўныя ў нашым распараджэнні сродкі».

Падчас місіі Сырскі і Крыстоферсэн таксама аглядалі з назіральнай вежы пасёлак Пячэнга, дзе дыслакуецца 71-я гвардзейская мотастралковая дывізія Узброеных сіл РФ (была разгорнутая летась на базе 200-й асобнай мотастралковай брыгады). Яе вайскоўцы ўдзельнічалі ў сакрэтных аперацыях ва Украіне яшчэ ў 2014 годзе, калі Масква дапамагала сепаратыстам захопліваць тэрыторыі на Данбасе.

Яны таксама ўдзельнічалі ў поўнамаштабным уварванні ва Украіну ў 2022 годзе. Сотні салдат тагачаснай 200-й брыгады разам з большай часткай бранятэхнікі, раней дыслакаванай уздоўж мяжы з Нарвегіяй, там і засталіся.

Прыцягненне Сырскага да абароны нарвежскай мяжы — справа «цалкам натуральная і зразумелая», улічваючы досвед ЗСУ ў барацьбе з расійскай агрэсіяй, лічыць Крыстыян Отланд з Нарвежскага інстытута абаронных даследаванняў. Яго візіт «трэба разглядаць не столькі як палітычны сігнал, колькі як прагматычную спробу ўмацаваць [нарвежскую абарону] і лепш зразумець цяперашнія і будучыя рызыкі ў сферы бяспекі, звязаныя з Расіяй», сказаў Отланд Barents Observer.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲