«Не жывём, а выжываем»: жыхары Барысава засталіся без цяпла
- 25.11.2026, 16:31
Камунальнікі не выключаюць паўторных адключэнняў.
У Барысаве ў маразы ўзніклі праблемы з ацяпленнем і гарачым водазабеспячэннем. У прыватнасці, на халодныя батарэі скардзяцца жыхары дамоў па вуліцы «Нормандзія — Нёман», піша Telegram-канал «Типичный Борисов Беларусь».
Паводле інфармацыі УП «Жыллё», у частцы дамоў падачу цяпла ўжо аднавілі, аднак на асобных ўчастках рамонтныя працы працягваюцца. Камунальнікі абяцаюць ліквідаваць няспраўнасці ў найкарацейшыя тэрміны, але папярэджваюць пра магчымыя паўторныя адключэнні.
У каментарыях гараджане не хаваюць абурэння:
«Зноў у маразы. Калі ўжо адрамантуюць як след!».«Сёлета нейкі жах з ацяпленнем. Лета праспалі. А нам цярпець. Куды скардзіцца на гэта беззаконне?».
«Супер стаўленне да людзей. Навошта ацяпленне? На праспекце з гарачай вадой праблема, але галоўнае летам фантанчык адкрыць у парку. А людзі зіму пацерпяць. Жах. Не жывём, а выжываем».