25 лiстапада 2026, Серада, 12:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Я падаў у адстаўку за дзве тыдні да рэферэндуму 1996 года

2
Андрэй Саннікаў: Я падаў у адстаўку за дзве тыдні да рэферэндуму 1996 года
Андрэй Саннікаў

Гэта быў адзін з тых момантаў, калі мы маглі змяніць сітуацыю ў краіне.

24 лістапада 1996 года адбыўся другі ў гісторыі незалежнай Беларусі «рэферэндум», які змяніў Канстытуцыю, зацвердзіў перанос Дня Незалежнасці з 27 сакавіка на 3 ліпеня, захаванне смяротнага пакарання і забарону неабмежаванага продажу зямлі. З сённяшняга пункту гледжання той рэферэндум варта назваць дзяржаўным пераваротам, перакананы беларускі дыпламат, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы палітзняволены і экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю «Польскаму радыё».

— Для мяне бясспрэчна, што гэта быў вададзел для нас. Гэта быў ніякі не рэферэндум, а дзяржаўны пераварот, захоп улады ўжо тады відавочным будучым дыктатарам. Тады было ясна, што будзе далей.

— Напярэдадні рэферэндуму Вы падалі ў адстаўку. Што паўплывала на Вашае рашэнне?

— Ведаеце, я ні з кім не раіўся, я падаў у адстаўку за два тыдні да рэферэндуму, каб хоць неяк паўплываць на сітуацыю. Я ведаў, што рана ці позна сыду з гэтай пасады, але хацеў зрабіць як мага больш, каб умацаваць сувязі Беларусі з дэмакратычным светам. У нас былі даволі сур’ёзныя дамоўленасці з заходнімі краінамі, з тымі ядзернымі дзяржавамі, якія ўдзельнічалі ў перамовах па раззбраенні. Толькі пасля таго, як я падаў у адстаўку, я даведаўся, што ў адстаўку таксама падаў прэм’ер-міністр Чыгір, з якім мы былі добра знаёмыя, добра папрацавалі ў папярэднім годзе ў Давосе. Я бачыў, як Міхаіл Мікалаевіч карыстаўся павагай, і яго ўспрымалі як спецыяліста. Дастаткова нечаканым для тых палітыкаў, што былі ў Давосе, было ўбачыць перад сабой чалавека высокага прафесійнага ўзроўню, вопытнага, дзяржаўнага, не горшага за іх саміх. У нас тады склалася цікавая сітуацыя: калі ў іншых краінах прэм’ер сыходзіць, за ім сыходзіць усё ўрад, а ў нас сышоў толькі Міхаіл Мікалаевіч.

— У момант рэферэндуму ішло супрацьстаянне паміж Вярхоўным Саветам і Лукашэнкам. Апошняму пагражаў імпічмент за парушэнні Канстытуцыі. Уладзіць сітуацыю ў Мінск прыбыла дэлегацыя з Масквы на чале з тагачасным старшынём Савета Федэрацыі Ягорам Строевым. Якая была роля Расіі: яны сапраўды былі пасярэднікамі ці стаялі на баку аднаго з бакоў?

— Яны рабілі выгляд, што яны пасярэднікі. Яны бачылі, як перад імі паводзіў сябе Сямён Шарэцкі, які тады быў старшынём Вярхоўнага Савета. Вядомая яго фраза: «Бо сам Строеў прыехаў да мяне». Для яго, як для аграрніка, Строеў быў амаль што Богам. У іх былі свае падыходы да таго, што ёсць што ў жыцці. Шарэцкі быў гатовы выконваць тое, што раіў Строеў, а той не раіў ісці на канфлікт з Лукашэнкам. Бо тады пастала пытанне пра імпічмент Лукашэнку. Яны прыехалі, каб гэтага пазбегнуць. На маю думку, менавіта з іх дапамогай Лукашэнка пазбег імпічменту. Потым усё пайшло вельмі хутка: нелегітымны рэферэндум і здрада Лукашэнкі ў дачыненні да народа і дзяржавы. Бо ён публічна казаў, што гэта не будзе мець ніякай прававой сілы, мы проста раімся з народам. Але адразу ж разагнаў Вярхоўны Савет, стварыў свой кішэнны парламент з паслухмяных людзей і пачаў адлік сваёй дыктатуры.

— Ці можна было тады зрабіць нешта інакш, каб прадухіліць той сцэнар?

— Трэба было абараняць краіну, таму што гэта быў не рэферэндум, гэта была не карэкціроўка палітыкі, а узурпацыя ўлады, і не на карысць Беларусі, а перадусім на карысць Лукашэнкі і Расіі. То-бок трэба было свядома выходзіць на вуліцы, бо гэта адзінае, што застаецца ў аўтарытарных і недэмакратычных краінах: стаяць і адстойваць сваю незалежнасць, сваю свабоду.

— Сёння далёка не ўсе памятаюць, што тады адбылося. Ці трэба нагадваць пра рэферэндум далёкага 1996 года?

— Абавязкова трэба нагадваць, таму што гэта быў адзін з тых момантаў, калі мы маглі змяніць сітуацыю ў краіне. Наступныя моманты былі падчас так званых прэзідэнцкіх выбараў, але абавязкова трэба нагадваць, абавязкова трэба разумець, што ад кожнага з нас залежыць, што будзе адбывацца. Тады было здрада за здрадай, людзі зраджвалі краіну, людзі зраджвалі свае карані, гісторыю, культуру, і дзеля чаго? Каб падтрымаць дробнага дыктатара Лукашэнку, які потым іх жа і знішчаў і кідаў за краты.

Абавязкова трэба нагадваць, бо параза — гэта заўсёды гісторыя здраднікаў. Калі здраджваюць сабе і дзяржаве, як адбылося з тым жа старшынём Канстытуцыйнага суда Валерыем Ціхінём, які раптам з’явіўся на сустрэчы з расійскімі палітыкамі. Менавіта тады стала зразумела, што ён перайшоў на бок Лукашэнкі. Тыя ж дэпутаты ведалі, што Лукашэнка не трымае слова. І гэтым разам ён таксама не выканаў умоў, якія былі дасягнутыя пры пасярэдніцтве расіян.

Гэта тыя крытычныя моманты, калі трэба мабілізавацца, клапаціцца і думаць пра краіну, у якой мы хочам жыць. Абараняць краіну — значыць таксама абараняць і сваіх блізкіх.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲