2 кастрычнiка 2026, Пятніца, 19:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лукашэнка ўжо нарабіў сабе на трыбунал»

4
«Лукашэнка ўжо нарабіў сабе на трыбунал»

Украінская дэпутатка папярэдзіла Мінск аб адказе на пагрозы.

Беларускія ўлады ўжо нясуць адказнасць за дапамогу Расіі ў агрэсіі супраць Украіны, і гаворка ідзе не толькі пра прадастаўленне тэрыторыі і аэрадромаў на пачатку поўнамаштабнага ўварвання. Аб гэтым у каментарыі «Белсату» заявіла дэпутатка Вярхоўнай Рады Украіны, сябра ўкраінскай дэлегацыі ў ПАРЕ Яўгенія Краўчук.

Паводле слоў дэпутаткі, сёння для Украіны асабліва важнае пытанне рэтранслятараў на тэрыторыі Беларусі, якія, паводле звестак украінскага боку, выкарыстоўваюцца расійскімі вайскоўцамі для кіравання ўдарнымі беспілотнікамі. У верасні ўкраінскія ўлады заявілі, што гэтыя рэтранслятары, адключаныя ўлетку пасля патрабавання Кіева, зноў пачалі працаваць.

«Улічваючы, што ва Украіне я найчасцей знаходжуся ў Кіеве, а на Кіеў якраз ляцяць дроны з Расіі, мы разумеем, што рэтранслятары знаходзяцца менавіта на беларускай тэрыторыі. І гэтыя дроны, якія цяпер, проста ў гэтыя секунды, ляцяць бамбаваць Кіеў, відавочна атрымліваюць дапамогу з боку (Аляксандра) Лукашэнкі, з боку беларускіх вайскоўцаў або тых, хто адказвае за гэтую інфраструктуру», – сказала Яўгенія Краўчук.

Як менавіта Украіна можа адказаць на выкарыстанне беларускай тэрыторыі для расійскіх атак, паводле дэпутаткі, павінна вырашаць ваеннае кіраўніцтва. Аднак Кіеў ужо даў зразумець Мінску, што разглядае такія аб'екты як патэнцыйную пагрозу сваёй бяспецы.

«Нават кіраўнік нашых сілаў беспілотных сістэм казаў, што ў нас ёсць усе неабходныя каардынаты і ў выпадку неабходнасці мы будзем рэалізоўваць сваё права на самаабарону. Думаю, гэта павінна было б трохі астудзіць тых, хто разглядае розныя варыянты яшчэ большай дапамогі Расіі», – адзначыла прадстаўніца ўкраінскага парламента.

Яна лічыць, што ўдзел беларускіх уладаў у расійскай агрэсіі можа стаць прадметам разгляду ў межах будучага спецыяльнага трыбуналу за злачынства агрэсіі супраць Украіны.

«Ужо і так зразумела, што рэжым нарабіў сабе на трыбунал. Можна будзе даказваць дапамогу беларускага рэжыму расійскай агрэсіі. Бо трыбунал, пра які мы кажам, датычыць агрэсіі супраць Украіны, але гаворка можа ісці не толькі пра Расійскую Федэрацыю. Беларусь якраз з'яўляецца прыкладам таго, як прадастаўляліся аэрадромы, тэрыторыя, а цяпер прадастаўляюцца вышкі», – заявіла дэпутатка.

Пры гэтым Краўчук сумняваецца, што Аляксандр Лукашэнка добраахвотна вырашыцца на непасрэдны ўдзел беларускай арміі ў вайне.

«Улічваючы, што ўзровень падтрымкі так званай СВА сярод беларускага народа ў цэлым і нават у арміі вельмі нізкі, відавочна, ён будзе супраціўляцца гэтаму да апошняга. Але зразумела, што Украіна пакідае за сабой права на любы адказ, калі з поўначы будуць нейкія варожыя дзеянні», – сказала яна.

Асобна дэпутатка пракаментавала перамовы заходніх краін з Мінскам аб вызваленні палітвязняў у абмен на змякчэнне абмежаванняў. На яе думку, такі падыход нясе рызыку ператварэння палітычных зняволеных у пастаянны прадмет торгу.

«На жаль, адбываецца свайго роду гандаль санкцыямі: адмена санкцый у абмен на лёсы людзей, палітвязняў. Відавочна, што і Расія, і Беларусь будуць выкарыстоўваць гэта, каб дамагацца паслаблення санкцый. Думаю, што за кошт калію, за кошт удабрэнняў рэжым таксама спрабуе таргавацца», – адзначыла Краўчук.

Паводле яе слоў, пытанне вызвалення палітвязняў неабходна пастаянна падымаць, аднак адначасова варта ўлічваць, што Мінск можа выкарыстоўваць новыя рэпрэсіі для стварэння чарговага «абменнага фонду».

«Вядома, трэба прыцягваць увагу да палітвязняў, да самой наяўнасці палітвязняў. Але адначасова гэта можа быць бясконцая гульня. Лукашэнка можа штодня затрымліваць людзей, а потым абменьваць іх на нешта, і ў выніку яшчэ будуць казаць, што ён не самы дрэнны дыктатар на гэтым кантыненце», – сказала яна.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲