Брат Орбана спрабаваў арганізаваць перахоп яшчэ аднаго ўкраінскага канвою ў Аўстрыі
2- 2.10.2026, 7:48
- 9,294
Яго суразмоўца адмовіўся і паведаміў спецслужбе.
Малодшы брат былога прэм’ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана Арон незадоўга да выбараў спрабаваў дамовіцца, каб у Аўстрыі перахапілі яшчэ адзін украінскі груз з грашыма. Яго суразмоўца адмовіўся і паведаміў спецслужбе.
Пра гэта паведамляецца ў расследаванні венгерскага выдання 444. Журналісты апублікавалі перапіску Арона Орбана з бізнесменам з аўстрыйскага Граца Чонгорам Ласловары-Томам.
Арон Орбан напісаў бізнесмену 26 сакавіка, крыху больш за два тыдні да парламенцкіх выбараў у Венгрыі. Мужчыны пазнаёміліся шэсць гадоў таму праз агульнага знаёмага, аднак даўно не кантактавалі.
Брат прэм’ера адразу перайшоў да справы. Спачатку ён пацікавіўся, ці займаецца Ласловары-Тома і далей палітыкай. У 2021 годзе бізнесмен балатаваўся ў гарадскую раду Граца па спісе Аўстрыйскай народнай партыі, але мандата не атрымаў. Далей Орбан спытаў, наколькі вялікі ў яго ўплыў у Аўстрыі.
Пазней Орбан паведаміў, што праз Аўстрыю праходзіць груз, і даслаў спасылку на тэлеперадачу пра затрыманне ўкраінскага канвою ў Венгрыі. Ён удакладніў, што гаворка ідзе пра яшчэ адзін, новы канвой, а не пра той, які спынілі на пачатку сакавіка.
Пасля гэтага прагучала прамае пытанне: ці могуць аўстрыйцы яго перахапіць. Паводле дадзеных 444, Орбан таксама прапаноўваў звесці бізнесмена з чалавекам, які ведаў, калі і дзе менавіта аўтамабіль будзе знаходзіцца на тэрыторыі Аўстрыі.
Ласловары-Тома ўдзельнічаць у гэтай схеме не стаў. Пра перапіску ён паведаміў аўстрыйскім спецслужбам і кіраўніцтву Аўстрыйскай народнай партыі. Таксама бізнесмен паказаў паведамленне адвакату Лоранту Горвату, які прадстаўляе інтарэсы ўкраінскіх інкасатараў.
Па словах бізнесмена, раней Арон Орбан ужо звяртаўся да яго з сумнеўнымі прапановамі, у прыватнасці, наконт закупкі ваеннага абсталявання. Ягоная кампанія працуе ў сферы гандлю зброяй, аднак ад падобных прапаноў ён адмаўляўся.
У 444 праверылі, што нумар, з якога паступалі паведамленні, сапраўды належыць Арону Орбану. Ні ён, ні Віктар Орбан на пытанні журналістаў не адказалі.
Скандал з «залатым канвоем» успыхнуў у ноч на 6 сакавіка. Венгерскі антытэрарыстычны цэнтр TEK затрымаў на трасе М5 два браняваныя аўтамабілі Ашчадбанка, якія везлі з аўстрыйскага Raiffeisen Bank у Кіеў 40 млн долараў, 35 млн еўра і 9 кг золата.
Сямёх інкасатараў дапыталі і выселілі з краіны, а каштоўнасці Будапешт пакінуў сабе, спаслаўшыся на падазрэнне ў адмыванні грошай. Прадстаўнікі партыі Орбана намякалі, што сродкі маглі быць прызначаныя апазіцыйнай партыі «Тіса».
12 сакавіка Венгрыя вярнула інкасацыйныя аўтамабілі, частка абсталявання ў якіх была пашкоджана.
У жніўні Падатковая і мытная служба Венгрыі закрыла крымінальную справу супраць інкасатараў з-за адсутнасці складу злачынства.