Літва будзе настойваць на забароне турыстычных віз для расіян у ЕС
6- 16.10.2026, 19:01
Пра гэта заявіў Гітанас Наўседа.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што яго краіна будзе настойліва адстойваць сваю пазіцыю ў пытанні ўвядзення забароны на выдачу турыстычных віз грамадзянам Расіі.
Пра гэта ён сказаў падчас зносін з журналістамі ў Бруселі, піша «Еўрапейская праўда».
Паводле слоў Наўседы, Літва будзе пастаянна заклікаць да ўжорстчання візавай палітыкі.
— Мы будзем настойлівымі і, безумоўна, не дазволім нікому спакойна сядзець склаўшы рукі або спакойна выслухоўваць [аргументы краін-апанентаў]. Мы будзем падымаць гэтае пытанне кожны раз, — сказаў ён.
Паводле слоў прэзідэнта, прэм’ер-міністр Даніі Метэ Фрэдэрыксен таксама падымае гэтае пытанне, таму ён спадзяецца, што такіх галасоў у Еўрапейскім саюзе будзе станавіцца ўсё больш.
— Спадзяюся, што ў нейкі момант мы дасягнем крытычнай масы, калі рашэнне проста крышталізуецца само па сабе. Але, відаць, не сёння, — прызнаў літоўскі лідар.
Наўседа заявіў, што не разумее, чаму грамадзяне Расіі працягваюць падарожнічаць па Еўропе як турысты.
— Мы павінны і надалей ужорстчваць санкцыі супраць Расіі і, безумоўна, акрамя тых санкцый, пра якія мы пастаянна дыскутуем, — асабліва, як я лічу, краіны Балтыі выступаюць за тое, каб раз і назаўсёды пакласці канец гэтай ліберальнай візавай палітыцы ў дачыненні да грамадзян Расіі. Выдача турыстычных віз — калі мне не здраджвае памяць — 500 тысяч у год — гэта сапраўды істотная лічба, і вельмі цяжка зразумець, чаму гэтыя людзі наведваюць розныя еўрапейскія гарады, хоць іх краіна знаходзіцца ў стане вайны з Еўропай, — дадаў ён.