У Сеціве звярнулі ўвагу на дзіўныя жэсты і паводзіны Пуціна
8- 16.10.2026, 18:21
- 5,772
Падобную позу ён ужо дэманстраваў на сустрэчах у 2022 годзе.
Расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін узяўся за старое і зноў здзівіў сваімі жэстамі і паводзінамі падчас агульнай анлайн-канферэнцыі. Раней расійскага дыктатара ўжо заўважалі ў падобным становішчы: на сустрэчах ён учапляўся пальцамі за край стальніцы або за кут стала, піша «Тэлеграф».
На апублікаваных кадрах Пуцін таксама моцна трымаецца за стол падчас выступлення на пленарным пасяджэнні форуму-з'езду «Деловой России».
Карыстальнікі сацсетак і каментатары спрабавалі зразумець, чаму ён выбірае такую позу і што могуць азначаць ягоныя жэсты.
Сярод версій гучалі здагадкі пра спробу схаваць дрыгаценне ў руках і пра магчымы страх.
Адзін з найбольш прыкметных эпізодаў адбыўся 21 красавіка 2022 года, на сустрэчы з тагачасным міністрам абароны Расіі Сяргеем Шайгу. Яны абмяркоўвалі Марыупаль. У сацсетках жа абмяркоўвалі позу Пуціна: ён сядзеў, учапіўшыся рукамі за стол. Ягоныя кісці выглядалі апухлымі.

Пазней падобныя выпадкі паўтараліся. 25 жніўня 2022 года Пуцін сядзеў у такой позе на сустрэчы з кіраўніком Федэральнай падатковай службы Данілам Ягоравым, а 26 жніўня – з генеральным дырэктарам «Аэрафлота» Сяргеем Аляксандроўскім.

У абодвух выпадках кіраўнік Крамля сядзеў у крэсле і трымаўся правай рукой за кут стала. Падчас красавіцкай размовы з Шайгу ён таксама сутуліўся і ўцягваў галаву ў плечы. Паўтарэнне гэтай позы на розных сустрэчах падсілкоўвала абмеркаванні фізічнага стану Пуціна.

Пасля сустрэчы з Шайгу палітычны эксперт Валерый Салаўей выказаў здагадку, што Пуцін такім чынам спрабаваў схаваць дрыгаценне.

Іншае тлумачэнне прыводзіў FREEДОМ: псіхолагі звязвалі такія паводзіны са страхам. Гэтую версію таксама падмацоўвалі кадрамі размовы з Шайгу: на іх Пуцін то ўціскаўся ў крэсла, то стараўся як мацней трымацца за стол.