Гамяльчане засыпалі лукашыстаў сотнямі скаргаў
4- 16.10.2026, 18:08
- 1,362
Ацяпленне ў кватэрах так і не ўключылі.
Апошнімі днямі жыхары Гомеля пакідаюць у сацсетках сотні паведамленняў з просьбамі і патрабаваннямі ўключыць ацяпленне ў жыллёвым фондзе. Гамяльчане скардзяцца, што ў кватэрах вельмі халодна, піша «Флагшток».
Некаторыя пішуць, што пакаёвая тэмпература паветра апусцілася ніжэй за 18 градусаў, пры гэтым вільготнасць — больш як 80%. Пры такой сырасці холад адчуваецца яшчэ мацней.
Шэраг гамяльчан паведаміў, што яны звярталіся ў 115 — дыспетчарскую службу па пытаннях ЖКГ. Там, паводле слоў карыстальнікаў, адказалі, што на дадзены момант распараджэння аб падачы цяпла ў жыллёвы фонд не паступала.
Напярэдадні Гомельскі гарвыканкам апублікаваў паведамленне, з якога можна зрабіць выснову, што ў бліжэйшыя дні цяпло не дадуць. Улады нагадалі пра ўмову, прапісаную ў нарматыўных актах Савета Міністраў:
«Падставай для пачатку ацяпляльнага сезона ў жыллёвым фондзе, інтэрнатах, установах адукацыі (акрамя дзіцячых дашкольных і школьных), тэатрах і агульнагарадскіх лазнях з'яўляецца сярэднясутачная тэмпература +8 °C і ніжэй, якая трымаецца тры дні запар».
Разам з тым адзначаецца, што рашэнне аб пачатку ацяпляльнага сезона прымаюць абласныя, раённыя і гарадскія выканкамы з улікам сярэднясутачных тэмператур і прагнозаў Белгідрамета:
«Пры наяўнасці падстаў ацяпленне ў абласным цэнтры будзе ўключана».
Гамяльчане памятаюць выпадкі, калі цяпло ў жыллёвы фонд падавалі і да таго, як сярэднясутачная тэмпература +8 °C і ніжэй трымалася трое сутак. Ёсць і свежыя прыклады. У Мазыры ацяпленне ў кватэрах уключылі ўжо з 10 кастрычніка, хоць надвор'е там амаль такое ж, як у Гомелі: сярэднясутачнай тэмпературы +8 °C і ніжэй тры суткі запар не было.
Зыходзячы з прагнозу Белгідрамета на бліжэйшыя дні, надвор'е не дасць гамяльскім уладам падставы для ўключэння ацяплення як мінімум да серады, 21 кастрычніка. Да гэтай даты нават начамі будзе вышэй за плюс 10 градусаў. А з вечара серады, як прагназуецца, тэмпература апусціцца да плюс 6–7 градусаў.