Расійскі афіцэр дапамог Украіне ліквідаваць сотні расійскіх вайскоўцаў
15- 16.10.2026, 11:38
- 19,258
Цягам некалькіх месяцаў ён таемна перадаваў украінскай разведцы сакрэтныя даныя.
26-гадовы лейтэнант расійскай арміі Леў Ступнікаў на працягу некалькіх месяцаў таемна перадаваў украінскай разведцы каардынаты вайсковых падраздзяленняў, планы аперацый і радыёчастоты. Паводле звестак расследавання The Wall Street Journal, атрыманыя ад яго звесткі дапамаглі ЗСУ нанесці ўдары, у выніку якіх загінулі больш за 300 расійскіх ваеннаслужачых, піша The Wall Street Journal (пераклад — сайт Charter97.org).
Ступнікаў служыў сувязістам у 36-й мотастралковай брыгадзе. Расчараванне ў расійскай арміі, карупцыя і непрыманне вайны падштурхнулі яго да супрацоўніцтва з Украінай.
Адзін з самых выніковых эпізодаў адбыўся ў лютым 2024 года ў раёне Вуглядара. Ступнікаў сфатаграфаваў расійскіх вайскоўцаў, што сабраліся на палігоне, і перадаў украінскаму боку каардынаты.
«Тут, мусіць, ад 120 да 150 чалавек», — напісаў ён свайму кантакту, паводле матэрыялаў расследавання. Незабаве па месцы скупчэння вайскоўцаў быў нанесены ракетны ўдар. Паводле даных, якія Ступнікаў перадаў украінскаму боку, загінулі 68 чалавек, яшчэ 60 атрымалі раненні. Сярод загінулых быў камандзір брыгады палкоўнік Гусейн Мусаеў.
Улетку 2024 года, калі расійскае камандаванне западазрыла ўцечку інфармацыі, афіцэр вырашыў уцячы. Уначы на 6 ліпеня ён перасек лінію фронту, арыентуючыся па GPS і з дапамогай украінскага беспілотніка. Перад сыходам ён перадаў доступ да сістэмы відэаназірання расійскіх дронаў.
Пасля пераходу на ўкраінскі бок Ступнікаў уступіў у Расійскі добраахвотніцкі корпус, які ваюе супраць арміі РФ.
Яго маці дапамагла наладзіць сувязь з украінскай разведкай і пазней выехала з Расіі. Жонка Ступнікава адмовілася пайсці за ім і назвала яго ўчынак здрадай.