У Кангрэсе ЗША заклікалі Трампа ўвесці «пякельныя санкцыі» Грэма супраць Расіі
4- 16.10.2026, 8:10
- 7,718
Час на зыходзе.
У чацвер, 15 кастрычніка, 22 кангрэсмэны ЗША заклікалі прэзідэнта Дональда Трампа увесці пакет «пякельных санкцый» памерлага сенатара Ліндсі Грэма супраць Расіі і Ірана. Да прыняцця рашэння фактычна засталося некалькі дзён.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на сайт старшыні Камітэта па замежных справах Палаты прадстаўнікоў Майкла Маккола.
Згодна з заявай, дакумент падпісалі 22 кангрэсмэны. У сваім звароце яны падкрэслілі, што ў сувязі з тым, што Расія рыхтуецца пачаць пятую зімовую кампанію супраць Украіны, ЗША маюць магчымасць актывізаваць мірныя намаганні, учыніўшы максімальны ціск на дыктатара РФ Уладзіміра Пуціна, а таксама «ўрады і сеткі», якія фінансуюць яго вайну.
«Мы пішам, каб падзякаваць вам за падпісанне закона Грэма аб санкцыях супраць Расіі і Ірана 2026 года і настойліва заклікаем да яго поўнага і добрасумленнага выканання да першага тэрміну — 18 кастрычніка. Выкарыстанне прадугледжаных у гэтым законе інструментаў эканамічнага ціску будзе мець вырашальнае значэнне для таго, каб прымусіць Пуціна сур'ёзна паставіцца да мірных перамоваў», — гаворыцца ў заяве.
Варта адзначыць, што 18 кастрычніка — гэта дэдлайн, да якога Трамп павінен альбо ўвесці санкцыі, альбо пісьмова абгрунтаваць Кангрэсу, чаму ён пакуль што гэтага рабіць не будзе.
Вяртаючыся да заявы кангрэсмэнаў, яны заклікалі Трампа:
у поўнай меры забяспечыць выкананне абавязковых санкцый у дачыненні да расійскіх чыноўнікаў, алігархаў, банкаў, дзяржаўных прадпрыемстваў і замежных арганізацый, якія дапамагаюць Расіі абыходзіць існуючыя абмежаванні;
увесці другасныя пошліны на буйных пакупнікоў расійскіх энергарэсурсаў, накіраваныя на скарачэнне даходаў ад продажу нафты і газу, якія працягваюць фінансаваць вайну Расіі (асноўныя пакупнікі — Індыя і Кітай);
узмацніць барацьбу з ухіленнем ад санкцый, у тым ліку з боку замежных фінансавых устаноў, аператараў «ценявога флоту» і пасярэднікаў, якія садзейнічаюць расійскім энергетычным аперацыям.
абароніць саюзнікаў ЗША, ужываючы выключэнні і карэкціроўку тарыфаў у дачыненні да краін, якія актыўна зніжаюць сваю залежнасць ад расійскіх энерганосьбітаў;
ўзмацніць парламенцкі кантроль, надаўшы падрабязную інфармацыю аб рэалізацыі санкцый, абгрунтаванне тарыфаў і вымяральныя паказчыкі для ацэнкі іх эфектыўнасці.
Такім чынам, кангрэсмэны запатрабавалі да 18 кастрычніка паведаміць, якія санкцыі і пошліны будуць уведзеныя, ці плануюцца адтэрміноўкі або скасаванне асобных мер і як адміністрацыя ацэніць іх эфектыўнасць.
Акрамя таго, заканадаўцы выказалі занепакоенасць наконт дызельнай здзелкі ЗША і Расіі і настойліва заклікалі адклікаць ліцэнзію, выдадзеную амерыканскім Мінфінам.
Санкцыі Грэма
Нагадаем, у ноч на 19 верасня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп афіцыйна падпісаў закон аб санкцыях Ліндсі Грэма супраць Расіі. Пасля гэтага прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выказаў Трампу падзяку за гэты крок.