Польшча цалкам закрывае мяжу з Беларуссю
143- 9.09.2025, 14:48
- 85,022
(абноўлена) З-за вучэнняў «Захад-2025».
Прэм’ер Польшчы Дональд Туск абвясціў пра закрыццё мяжы з Беларуссю з-за расійска-беларускіх вучэнняў «Захад-2025». Рашэнне ўступіць у сілу апоўначы з чацвярга на пятніцу.
«Як вы ведаеце, у пятніцу пачнуцца вельмі агрэсіўныя расійска-беларускія манеўры, зусім побач з польскай мяжой. Гэта мае свае наступствы. Адказам стануць манеўры з нашага боку», — цытуе прэм’ера Польшчы onet.pl.
«Мэта гэтых расійска-беларускіх манеўраў, у прыватнасці — Сувалкскі калідор, на дадзены момант — імітацыя дзеянняў. Мы сутыкаемся з ростам колькасці правакацый з боку Расіі і Беларусі. У сувязі з гэтым мы закрыем мяжу з Беларуссю, уключаючы чыгуначныя пераходы, апоўначы з чацвярга на пятніцу», — заявіў у аўторак прэм’ер-міністр Дональд Туск перад пачаткам пасяджэння ўрада.
У якасці прыкладу «вельмі агрэсіўнай правакацыі» з боку Беларусі і Расіі ён прывёў затрыманне беларускімі спецслужбамі польскага манаха. 27-гадовы ўраджэнец Кракава Гжэгож Гавель быў абвінавачаны ў шпіянажы за нібыта валоданне сакрэтнымі дакументамі пра ваенныя вучэнні «Захад-2025».
Зазначым, вучэнні «Захад-2025» пройдуць у Беларусі з 12 па 16 верасня.