«Прыйшоў час кардынальна вырашаць праблему беларускай дыктатуры»
4- 11.09.2025, 11:29
- 5,068
Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі будуць толькі ўзмацняцца.
Такую думку ў інтэрв’ю сайту Charter97.org выказаў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Дзмітрый Бандарэнка, каментуючы ўварванне расійскіх дронаў у Польшчу з тэрыторыі Беларусі, якое адбылося 10 верасня:
— Нашы шматгадовыя папярэджанні заходнім партнёрам пацвярджаюцца. Дыктатарскі рэжым Лукашэнкі, які вядзе вайну супраць уласнага народа, заўсёды будзе ваеннай пагрозай суседзям і міру ў рэгіёне. Уварванне Расіі ва Украіну з тэрыторыі Беларусі гэта паказала, сённяшняя атака — таксама.
Але мы бачым, што гандаль паміж ЕС і Беларуссю працягваецца, хоць і скараціўся. Шмат якія беларускія тавары ідуць пад выглядам прадукцыі з Казахстана, Узбекістана і Кыргызстана — «легендарны кыргызскі лес» (насамрэч беларускі). Польскі экспарт тавараў у Беларусь практычна не змяншыўся. Польскія тавары дагэтуль ляжаць на паліцах беларускіх крамаў.
Недаацэнка беларускай дыктатуры ўжо прывяла да маршу расійскіх танкавых калонаў з Гомельскай вобласці на Кіеў. Сёння расійскія баявыя дроны атакавалі Польшчу, зноў жа з беларускай тэрыторыі.
Сёння відавочна: Лукашэнка — марыянетка. Ён не здольны абараніць беларусаў. Расіяне нават ні пра што яго не будуць пытацца. Беларусы знаходзяцца пад ваеннай пагрозай. І ўдары закрануць не толькі расійскія аб’екты і войскі ў Беларусі, але і беларускія вайсковыя часткі і ключавыя прадпрыемствы. Калі неадэкватны Пуцін аддасць загад на нанясенне удараў, адказ НАТА паследуе неадкладна. Закрыццё межаў ужо ўдарыла па беларусах: абмежаваныя паездкі, пацярпеў гандаль. Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі будуць толькі ўзмацняцца.
Нядаўна міністр замежных спраў Польшчы Радослав Сікорскі нагадаў: Польшча мае шматвяковы досвед адносін з Расіяй і ведае, што яе дзеянні заўсёды смяротна небяспечныя. Беларусь жа сёння — паўакупаваная краіна. Прыйшоў час кардынальна вырашаць праблему беларускай дыктатуры.