Сікорскі: Расія свядома атакавала Польшчу
8- 11.09.2025, 11:07
- 12,014
Заявы Крамля пра недатычнасць — хлусня.
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што Расія свядома атакавала краіну НАТА. Паводле яго слоў, заявы Крамля пра недатычнасць — гэта хлусня і тыповая савецкая практыка.
Пра гэта гаворыцца ў заяве Сікорскага ў сацсетцы Х.
Паводле слоў Сікорскага, у ноч на сераду паветраная прастора Польшчы была парушаная 19 разоў беспілотнікамі расійскай вытворчасці.
«Ацэнка Паветрана-ваенных сіл Польшчы і НАТА такая, што яны не адхіляліся ад курса, а былі наўмысна накіраваныя», — заявіў кіраўнік МЗС.
Сікорскі паведаміў, што ўжо правёў тэлефонныя размовы з дзяржаўным сакратаром ЗША Маркам Рубіо, высокім прадстаўніком ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Каей Каллас і старшынёй АБСЕ Элінай Валтонен.
Міністр адхіліў версію Масквы, нібыта Расія не датычная да нападу і нібыта гэта «ўкраінская правакацыя».
«Я ведаю, што Расія сцвярджае, нібыта няма доказаў, што гэта былі расійскія беспілотнікі, і нават намякае на ўкраінскую правакацыю. Гэта было чакана. Хлусня і адмаўленне — гэта стандартны савецкі адказ. Крэмль зноў насміхаецца з мірных намаганняў прэзідэнта Трампа», — заявіў кіраўнік МЗС Польшчы.
Сікорскі адзначыў, што кожны, хто сцвярджае, што гэта была «ўкраінская правакацыя», фактычна распаўсюджвае расійскую прапаганду. Ён таксама запэўніў, што Польшчу, ЕС і НАТА не запалохаць.
«Мы працягнем падтрымліваць адважны народ Украіны. Прыйшоў час расійскаму кіраўніцтву зразумець, што спроба аднавіць апошнюю імперыю Еўропы асуджаная на правал», — падсумаваў кіраўнік польскага МЗС.