Індыя страціць на тарыфах Трампа больш, чым зэканоміла на расейскай нафце
12- 27.08.2025, 21:50
- 8,832
У два з лішнім разы.
Імпартныя тарыфы, уведзеныя Дональдам Трампам супраць Індыі, менш чым за год здольныя пазбавіць яе значна большай сумы, чым яна зэканоміла за ўвесь час вайны ва Украіне ў выніку куплі расейскай нафты з дысконтам.
Да развязанай Уладзімірам Пуціным вайны Індыя практычна не набывала нафту ў Расеі - пастаўкі складалі менш за 1% індыйскага нафтавага імпарту. Але паколькі заходнія краіны ўвялі санкцыі і коштавую столь для расейскай нафты, яна стала прадавацца з дысконтам, які зараз складае блізу 7% да асноўных сусветных гатункаў, такіх як Brent. У выніку за 3,5 гады Індыя зэканоміла агулам амаль $17 млрд, піша Reuters са спасылкай на адзнакі аналітыкаў.
Але ўвядзенне Трампам 50% тарыфаў на тавары з Індыі можа скараціць яе экспарт больш чым на 40%, або амаль на $37 млрд, падлічыў аналітычны цэнтр Global Trade Research Initiative (GTRI) у Дэлі. І гэта толькі за гэты фінансавы год, які пачаўся ў красавіку і скончыцца ў сакавіку 2026 года. Сёння ўстаноўленая Трампам раней «простая» 25%-я стаўка тарыфаў была павышаная ўдвая ў якасці санкцый за набыццё расейскай нафты, якое ў Вашынгтоне называюць «адмываннем» і «нажывай».
«Амерыканскія спажыўцы набываюць індыйскія тавары. Індыя выкарыстоўвае гэтыя даляры для куплі са зніжкай расейскай нафты. Гэтая нафта перапрацоўваецца і перапрадаецца па ўсім свеце індыйскімі гандлярамі ў хаўрусе з маўклівымі расейскімі партнёрамі, - напісаў у калонцы ў Financial Times дарадца Трампа ў гандлі і вытворчасці Пітэр Навара, мабыць, маючы на ўвазе «Раснафту» і фонд United Capital Partners, расейскіх акцыянераў нафтаперапрацоўчай кампаніі Nayara Energy. - У той час як Расея атрымлівае цвёрдую валюту для фінансавання сваёй вайсковай машыны ва Украіне».
Міністр фінансаў Скот Бэсэнт заявіў нядаўна CNBC, што Індыя павялічыла закупы таннай расейскай нафты з менш чым 1% перад вайной ва Украіне да 42% ад свайго сукупнага імпарту. Такія дзеянні ён супрацьпаставіў Кітаю, найбуйнейшаму яе пакупніку, у якога доля вырасла за той жа час, з яго слоў, з 13 да 16%. (На ацэнку Управы энэргетычнай інфармацыі ЗША, у 2024 годзе яна склала 20%. Сёлета Кітай крыху скараціў закупы, але стаў іх нарошчваць у апошні час за кошт партый з гатункам Urals, які традыцыйна набывае Індыя.)
Бэсэнт заявіў: «Індыя проста нажываецца. Яны займаюцца перапродажам. Тое, што я б назваў індыйскім арбітражам - купля таннай расейскай нафты і перапродаж яе як прадукту перапрацоўкі, з'явілася толькі што, падчас вайны, і гэта непрымальна».
Індыя абвінаваціла ЗША ў падвойных стандартах, паказаўшы, што самі яны працягваюць набываць у Расеі ўран, паладый і ўгнаенні. Імпарт нафты з Расеі «закліканы забяспечыць прадказальныя і даступныя кошты энэрганосьбітаў для індыйскіх спажыўцоў, гэта неабходнасць, выкліканая сітуацыяй на сусветным рынку», заявіла Міністэрства замежных спраў.