18 лiстапада 2025, aўторак, 6:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Германіі адмянілі атрыманне грамадзянства па паскоранай працэдуры

6
У Германіі адмянілі атрыманне грамадзянства па паскоранай працэдуры

Колькасць ахвотных атрымаць нямецкае грамадзянства расце з кожным годам.

Бундэстаг ФРГ 8 кастрычніка падтрымаў законапраект аб скасаванні права на атрыманне грамадзянства краіны па паскоранай працэдуры — за тры гады. Скасаванне права на паскоранае атрыманне грамадзянства ФРГ прапісана ў кааліцыйнай дамове блока хрысціянскіх партый ХДС/ХСС і Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ).

Пра гэта паведамляе ў сераду DW.

У канцы мая кіраўнік МУС Германіі Аляксандр Добрындт назваў памылкай «экспрэс-натуралізацыю пасля трох гадоў пражывання ў Германіі» і паабяцаў, што цяперашні ўрад «пакладзе гэтаму канец». У інтэрв’ю таблоіду Bild ён удакладніў тады, што спадзяецца, што змена заканадаўства дазволіць скараціць колькасць прасіцеляў прытулку ў краіне. «Экспрэс-натуралізацыя стварыла дадатковыя ілжывыя стымулы для нелегальнай міграцыі. Мы прыбіраем гэтыя фактары прыцягнення», — сказаў Добрындт.

Паводле закона, прынятага папярэднім урадам Германіі і які ўступіў у сілу ў чэрвені 2024 года, грамадзянства ФРГ можна было атрымаць пасля трох гадоў пражывання ў краіне ў выпадку «асабліва станоўчых інтэграцыйных дасягненняў». Ідзе пра канкрэтныя асаблівыя поспехі ў школе або на працы; удзел у грамадскай дзейнасці, напрыклад, у пажарнай дружыне або ў сацыяльнай сферы; здольнасць утрымліваць сябе і членаў сям’і; валоданне нямецкай мовай на ўзроўні C1. Акрамя гэтага, захоўваліся агульныя патрабаванні — трэба было прайсці тэст на веданне прававога і грамадскага ўладкавання Германіі, не мець канфліктаў з законам.

Колькасць ахвотных атрымаць нямецкае грамадзянства расце з кожным годам — нямецкі пашпарт мае немалую вагу і дае магчымасць без візы ў большасць краін свету.

У выпадках, калі, напрыклад, пры падачы заявы былі пададзеныя ілжывыя звесткі, натуралізаванага грамадзяніна могуць пазбавіць грамадзянства ФРГ на працягу 10 гадоў з моманту атрымання пашпарта. Права на натуралізацыю праз пяць гадоў і магчымасць мець падвойнае грамадзянства застаюцца ў сіле.

Для прыняцця закона аб скасаванні паскоранай натуралізацыі адпаведныя папраўкі да міграцыйнага заканадаўства павінен прыняць не толькі Бундэстаг, але і Бундэсрат — прадстаўніцтва федэральных зямель ФРГ.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках