«Лукашэнка апух да канчаткова непрыстойных памераў»
37- Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі»
- 11.10.2025, 13:45
- 54,022
«Зялёны монстр» з’ядае дыктатара знутры.
Ты ж у курсе, што зайздрасць — гэта зялёны монстр, які з’ядае чалавека знутры? Вось у зыходзячага гаранта гэты монстр раздуўся ўжо большы, чым ён сам. А гарант жа і сам апух да канчаткова непрыстойных памераў.
Але ў спаборніцтве з гэтым монстрам нават у гаранта няма ніякіх шанцаў. Асабліва пасля таго, як пэўны нехта два дні карміў свайго монстра, пакуль быў на саміце СНД у Душанбэ.
Бо раней хто быў гарант? Раней ён быў мнаговектарны ўдалец з шырокімі геапалітычнымі перспектывамі. А цяпер ён галоўны ва ўсім СНД няўдачнік.
Бо ўсе, усе, акрамя яго, маюць свабоду дыпламатычнага манеўру. А ў яго з усёй свабоды манеўру застаўся толькі расійскі тупік. Пры тым, нават у гэтым тупіку ён не можа вольна манеўраваць, а манеўруе туды, куды Пуцін пакажа пальцам.
І заваж, нават у Пуціна ёсць пэўная свабода манеўру. А ў гаранта няма. І калі Пуцін вырашыць тапіцца, то гарант не зможа дазволіць сабе нават трошкі пабарахтацца. Бо яго ўвогуле ніхто і пытаць не будзе.
Таму ўчора гарант пераконваў сабратаў па СНД, што ім трэба стаць братамі па няшчасці. Тлумачыў, што трэба ўсё вярнуць, як было. Каб быў саюз, вось дакладна такі самы, як раней, толькі меншы і іншы.
Бо пэўны нехта ж ім па-руску ўсім тлумачыць, што «нам дзецца няма куды», «усё адно нас больш нідзе не чакаюць». Што характэрна — не ўпершыню. А яны яму ў адказ, можа, і не кажуць, але напэўна думаюць: «не нам, даруйце, а вам». А зыходзячаму гаранту крыўдна. Бо гэта праўда. Бо з усіх былых сабратаў дзецца няма куды толькі ім двом.
А ў ўсіх астатніх з дыпламатычнымі вектарамі ўсё ў норме. Таму яны могуць сабе дазволіць трымацца ад саюзнікаў падалей. Вунь у Казахстана палова вектараў глядзіць у Еўропу.
А ў азербайджанскага Аліева наогул такі вектар, што Пуцін сядзеў перад ім у позе таго, хто звычайна сядзіць перад Пуціным. Са ўсімі наступствамі, што з гэтай позы вынікаюць.
Дык што дарма зыходзячы гарант стараўся. Уголас яму ніхто, вядома, не паказаў напрамак расійскага ваеннага карабля, але ўсе падумалі.
Таму з сабратаў сам-насам з гарантам сустрэўся толькі прэзідэнт Таджыкістана. Проста яму, як гаспадару саміту, сапраўды не было куды дзецца.
Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі»