Сікорскі: Украіна павінна мець права на ўдары заходняй зброяй па РФ
5- 12.09.2024, 18:48
- 2,026
Ахвяра агрэсіі мае права абараняцца.
Кіраўнік МЗС Польшчы Радослаў Сікорскі заявіў, што Украіна для абароны мае права біць па тэрыторыі Расеі заходняй зброяй.
Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».
Падчас сустрэчы з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам ён сказаў, што гарантаванне бяспекі Украіны застаецца агульным прыярытэтам Польшчы і ЗША.
«Польшча застаецца прыхільніцай працягу ціску на расейскі рэжым з мэтай прымусіць яго да заканчэння вайны супраць Украіны. ...Мы, як Захад, павінны працягваць пастаўкі Украіне перадавых сістэм супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны, а таксама зняць абмежаванні на выкарыстанне дальнабойнай зброі. Мы перакананыя ў эфектыўнасці эканамічных санкцый, а таксама заклікаем прыняць больш рашучыя дзеянні па канфіскацыі замарожаных расейскіх актываў», - падкрэсліў Сікорскі.
Міністр мяркуе, што Украіна для абароны мае права біць па тэрыторыі Расеі заходняй зброяй.
«Ахвяра агрэсіі мае права абараняцца, мае права збіваць сродкі паветранага нападзення, якія яе атакуюць. Таму мяркую, што Украіна мае права выкарыстоўваць заходнюю зброю для прадухілення ваенных злачынстваў», - дадаў кіраўнік МЗС Польшчы.