18 траўня 2024, Субота, 12:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Такога не было 20 гадоў»: РФ другі дзень накрываюць моцныя травеньскія снегапады

14
«Такога не было 20 гадоў»: РФ другі дзень накрываюць моцныя травеньскія снегапады

Сотні дамоў аказаліся без электрычнасці.

Моцныя снегапады другі дзень ідуць у розных раёнах Урала. Асабліва цяжкая сітуацыя склалася ў Свярдлоўскай вобласці, якую снегапад і ледзяныя дажджы накрылі ў ноч на суботу, 4 траўня. Больш за ўсё снегу выпала ў горадзе Рэўда. Там вышыня снежнага покрыва склала 32 сантыметры, адзначае «Нямецкая хваля».

У сотнях дамоў у некалькіх гарадах няма электрычнасці.

«Падобныя сур'ёзныя наступствы непагадзі, якая на асобных тэрыторыях яшчэ не стабілізавалася, не назіраліся ў сеткавым комплексе Сярэдняга Урала апошнія 20 гадоў», – заявіў прадстаўнік прэс-службы кампаніі «Рассеткі Урал». Асноўныя пашкоджанні звязаны з наліпаннем мокрага снегу на правады, абледзяненнем элементаў ЛЭП і падзеннем дрэў праз рэзкія парывы ветру, а таксама праз ледзяны дождж.

Рух грузавікоў паміж Пермʼю і Екацярынбургам абмежаваны

На дарогах вобласці ўзніклі кіламетровыя заторы, участкі трас перакрытыя для транспарту праз снежныя заносы на праезнай частцы. На трасе Перм-Екацярынбург (Пермскі тракт) утварыўся шматкіламетровы затор, кіроўцы стаяць у ім па некалькі гадзін. Улады былі вымушаны ўвесці тут абмежаванне руху для грузавога транспарту.

Праз непагадзь і абледзяненне правадоў у суботу на некалькі гадзін былі затрыманы шэсць цягнікоў далёкага накіравання. У Екацярынбурзе скасаваная рэпетыцыя парада Перамогі, якая павінна была прайсці 4 траўня, паведамляе выданне E1.ru. Паводле звестак сіноптыкаў, снегапад павінен сціхнуць да ночы 5 траўня.

Снегапады ў іншых расейскіх рэгіёнах

Снегам занесла таксама Цюмень, Татарстан, Чувашыю і Удмуртыю.

Інфармацыйны цэнтр урада Цюменскай вобласці паведаміў, што за апошнія 12 гадзін у Цюмені выпала больш за палову месячнай нормы ападкаў у выглядзе мокрага снегу. Пад цяжарам снегу падаюць дрэвы і галінкі. У горадзе дзейнічаюць сотні адзінак дарожнай тэхнікі. Сфармавана 15 брыгад, якія займаюцца зборам зламаных дрэў.

Кіраўнік Цюмені Руслан Кухарук напісаў у сваім Telegram-канале, што, паводле папярэдніх звестак, у некаторых раёнах зафіксавана больш за 30 адключэнняў электрычнасці. Ён указаў, што ў горадзе пераносяцца ўсе запланаваныя масавыя мерапрыемствы, дадаўшы, што, паводле прагнозу, у найбліжэйшыя дні снегапад працягнецца.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках