17 кастрычнiка 2019, Чацвер, 19:40
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Мікола Статкевіч: Я гатовы змагацца за Беларусь, пакуль б'ецца маё сэрца

48
Мікола Статкевіч: Я гатовы змагацца за Беларусь, пакуль б'ецца маё сэрца
МІКОЛА СТАТКЕВІЧ

У беларусаў ёсць гістарычны шанец.

Расейскае выданне «Коммерсант» апублікавала артыкул, у якім апавядаецца пра план аб'яднання эканомік Беларусі і Расеі. Гаворка ідзе пра адзіны Падатковы кодэкс, знешнегандлёвы рэжым і Грамадзянскі кодэкс, уніфікаваны ўлік уласнасці, амаль аб'яднаны банкаўскі нагляд, адзіны рэгулятар рынкаў нафты, газу і электраэнэргіі.

Сітуацыю ў сувязі з публікацыяй планаў «інтэграцыі» сайту Charter97.org пракаментаваў лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч.

– Якую ацэнку Вы можаце даць апублікаванай у расейскім СМІ інфармацыі?

– Лукашэнка цяпер сядзіць у бакавой кішэні пінжака Пуціна, які яму кажа: «Зараз я перасаджу цябе ва ўнутраную кішэню». Лукашэнку гэта не вельмі падабаецца, і ён пакуль што робіць нейкія знакі Захаду, але выскачыць з гэтай кішэні і стаць на ўласныя ногі ён абсалютна не гатовы.

Рэальная незалежнасць – гэта тое, чаго ён баіцца больш за ўсё. Бо незалежнасць – гэта эканамічныя і палітычныя рэформы, на якія ён ні за што не пойдзе.

Сітуацыя развіваецца ў бок драматычных падзей. Перамены чакаюць Беларусь – хочам мы гэтага ці не.

Але ў піку тым, хто іх баіцца, я хачу сказаць: гэта велізарны шанец для нас. Таму што ў пачатку драматычных пераменаў магчымыя розныя сцэнары. І ў нас цяпер ёсць добрыя шанцы вярнуць краіне свабоду і незалежнасць.

Таму што ў нас ёсць галоўны чыннік, якога не было раней: Беларусь не хоча дыктатара, Беларусь хоча адказны перад народам урад і дэмакратычную палітыку. Беларусь хоча рэформаў.

Самая моцная аб'яднальная ідэя ў нас цяпер – гэта нянавісць да Лукашэнкі. Гэта «негатыўная» ідэя, але таксама вельмі моцныя ў людзей і «пазітыўныя» ідэі – жаданне пераменаў, годнага жыцця, нармальных выбараў.

Гісторыя дае нам цяпер вялікі шанец. І калі мы проста выкажам волю і настойлівасць, успомнім пра сваё лідарства, як гэта цяпер паказваюць нават у гэтай палітычнай кампаніі ў «выбарах» прадстаўнікі БНК – то людзі за намі пойдуць.

Я не думаю, што калі ў Беларусі пачнецца ўсеагульнае паўстанне супраць дыктатуры, Расея рызыкне ўблытвацца. Вядома, яны могуць паспрабаваць падсоўваць нам нейкага свайго «палітыка», але мы павінны быць моцныя.

Той, хто мяняе старую ўладу, той і ўзначальвае новую. А павага людзей да нас, жаданне бачыць у нас альтэрнатыву, будзе залежаць толькі ад нашай сілы, мужнасці, адвагі і жадання павесці людзей за сабой.

– Вы гутарылі з многімі людзьмі падчас Вашых паездак па розных гарадах краіны – і летам, і цяпер, падчас кампаніі збору подпісаў. Што Вы вынеслі з гэтых паездак?

– Беларусы хочуць пераменаў – гэта відавочна. Беларусы розных палітычных поглядаў ненавідзяць Лукашэнку – і гэта для мяне вельмі важная выснова.

Улетку я казаў пра свае ўражанні словамі: страх і надзея. Больш надзеі – у заходніх рэгіёнах Беларусі. А больш за ўсё нянавісці да ўлады і жадання дзейнічаць – у Віцебскай вобласці.

Цяпер, увосень, мы праводзім сустрэчы не ў памяшканнях, а на вуліцы. І з вулічных сустрэчаў магу сказаць: страху ўсё менш, а ўсё больш людзей, гатовых рызыкаваць. У Калінкавічах і Мазыры пасля маіх сустрэчаў з людзьмі арганізатары казалі ў гукаўзмацняльную апаратуру: «Хто гатовы запісацца ў ініцыятыўную групу “галоўнага ворага” Лукашэнкі? Хто хоча, каб Лукашэнка сышоў?»

І таму ў мае ініцыятыўныя групы ў гэтых гарадах запісалася вельмі шмат людзей.

Таму я думаю, што многія людзі ўжо пераадолелі ў сабе тое, што перашкаджала ім раней не баяцца. І ўсяго, дарэчы, у ініцыятыўную групу кандыдата ў прэзідэнты ад БНК уступіла блізу тысячы чалавек – гэта за восем няпоўных дзён працы пікетаў для збору подпісаў.

Мы здольныя прывабіць да руху за свабодную і незалежную Беларусь пад лідарствам БНК тысячы новых людзей.

У мяне ёсць вялікая надзея – амаль упэўненасць – у тым, што ўсё атрымаецца. Таму што самае галоўнае – гэта жаданне беларускага народа. А цяпер мы разумеем, што для пераменаў дастаткова актыўных 3%, але яны павінны адчуваць за сваёй спінай маральную падтрымку і сімпатыі большасці сваіх грамадзянаў.

Засталося толькі адно: каб беларусы паверылі, што яны могуць ліквідаваць дыктатарскі рэжым і вярнуць свабоду.

– Вы – прадстаўнік беларускага шляхецкага роду. Гісторыя нашай шляхты дае шмат натхняльных прыкладаў – той самы Тадэвуш Рэйтан, напрыклад. Ці гатовыя Вы ісці за гэтым прыкладам?

– Я магу гаварыць за сябе і сваіх найбліжэйшых таварышаў: мы гатовыя на ўсё. Калі мы кажам, што для Беларусі мы пойдзем да канца, гэта азначае, што мы сапраўды пойдзем да канца. Да канца свайго жыцця.

Я гатовы змагацца за Беларусь, пакуль б'ецца маё сэрца, пакуль я магу дыхаць. Я не адступлю. Гэта мая зямля. Яна палітая крывёю дзясяткаў пакаленняў маіх продкаў. Я магу ўспомніць імёны сваіх прашчураў, якія ўступалі ў бітву з ворагам, што нашмат пераўзыходзіў іх у колькасці – і альбо гінулі, альбо перамагалі. Іхняя кроў б'ецца ў маіх жылах. Я не адступлю. Мы нікому не аддамо Беларусь. Нарэшце ў нас зноў з'явіўся шанец. Мы сотні гадоў чакалі гэты шанец – і мы яго больш не выпусцім. Мы будзем трымацца за яго зубамі.