18 траўня 2024, Субота, 11:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ягады з рук купляць цяпер - расейская рулетка»

10
«Ягады з рук купляць цяпер - расейская рулетка»
ФОТА: TUT.BY

Ці пагражае беларусам з'яўленне забруджаных прадуктаў?

Беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка ў чацвер, 27 ліпеня, падпісаў указ №259, які пазбавіў кіламетровай ахоўнай зоны Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік. Зроблена гэта, згодна з дакументам, «з мэтай зняцця абмежаванняў для выкарыстання зямельных дзялянак, якія знаходзяцца на яго тэрыторыі». У прэс-службе дыктатара адзначаюць, што прыняцце ўказа будзе спрыяць «вядзенню гаспадарчай дзейнасці паблізу межаў запаведніка».

Запаведнік, створаны ў 1988 годзе, уключае беларускі сектар 30-кіламетровай зоны (зоны адчужэння) Чарнобыльскай АЭС. Яго плошча складае 2162 кв. км Брагінскага, Хойніцкага, Нараўлянскага, Калінкавіцкага і Мазырскага раёнаў. Тут сканцэнтравана блізу траціны радыеактыўнага цэзію, які выпаў на тэрыторыю Беларусі пасля аварыі на ЧАЭС,, больш за 70% стронцыю, і 97% плутонію - асноўных дозаўтваральных элементаў, паведамляе dw.com.

Запаведнік застаецца пад аховай

Палескі запаведнік знаходзіцца ў падпарадкаванні дэпартамента ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС міністэрства надзвычайных сітуацый Беларусі. У дэпартаменце каментаваць указ дыктатара адмовіліся.

Гэта сцвярджэнне ў інтэрв'ю DW зняпраўдзіў афіцыйны прадстаўнік МНС Беларусі Віталь Навіцкі. Паводле ягоных слоў, гаворка ідзе аб прылеглай да тэрыторыі запаведніку ў 1 км. Запаведнік быў і застаецца пад аховай, дзейнічае кантрольна-прапускны рэжым.

Што ж змянілася? Супрацоўнік Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, які прасіў не называць ягонага прозвішча, у інтэрв'ю DW пацвердзіў, што і ў далейшым уезд і ўваход на тэрыторыю запаведніка будзе толькі па прапусках. У адпаведнасці ж з указам, знакі, якія папярэджваюць аб радыяцыйнай небяспекі, будуць размешчаныя непасрэдна на межах запаведніка. Гэта значыць, фактычна яны зрушацца на 1 км.

«У ахоўнай зоне былі забароненыя паляванне, рыбалка, збор грыбоў і ягад. Людзі, не выключана, падцягнуцца да межаў запаведніка, і з'явіцца магчымасць у некаторых выпадках рэгуляваць колькасць драпежных звяроў на прылеглых да яго тэрыторыях», - кажа супрацоўнік запаведніка.

«Ягады з рук купляць цяпер - расейская рулетка»

Дырэктар ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі патлумачыў, што ахоўная зона Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка - «гэта як пераходная зона на тэрыторыях больш забруджаных, хоць і на ёй ёсць месцы з забруджваннем да 40 кюры». Праз гэта экалагічны актывіст выказаў шкадаванне ў сувязі са здыманнем абмежаванняў на выкарыстанне гэтай зямлі - «як быццам навакольным гаспадаркам не стае плошчаў для гаспадарання».

У сацыяльных сетках пасля інфармацыі аб падпісанні ўказа з'явіліся насцярожаныя каментары. Напрыклад, карыстальнік Facebook з Гомеля Пётр Кузняцоў здзіўляецца, чаму прэзідэнт пазбаўляе запаведнік ахоўнай зоны: «Гэта да чаго? Ужо ў рэках няма рыбы, у лясах - звяроў і ягад, а народ усё больш галодны? Я не разумею сэнсу наогул, але што я дакладна ведаю: грыбы, ягады з рук купляць цяпер - расейская рулетка».

У сваю чаргу Аляксандр Вінчэўскі адзначае, што ў апошнія гады ідзе асваенне зямель, якія яшчэ нядаўна ўважаліся за забруджаныя радыяцыяй пасля аварыі на ЧАЭС, «хоць пяць перыядаў паўраспаду, якія павінны прайсці для вызвалення гэтых зямель ад большасці радыеактыўных ізатопаў, яшчэ не прайшлі».

На афіцыйным сайце запаведніка сказана, што «праз забруджванне трансуранавымі радыёнуклідамі з доўгім перыядам паўраспаду тэрыторыя Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка не можа быць вернутая ў гаспадарчае карыстанне ў агляднай будучыні». Аднак, нагадвае Аляксандр Вінчэўскі, 6 гадоў таму была прапанова ад раённых уладаў, каб у самым запаведніку дазволіць араць, сеяць і выкарыстоўваць драўніну: «Але гэта тады не дазволілі, бо большасць міністэрстваў выказаліся супраць».

Эколагі занепакоеныя ціскам на запаведнік

«Мы думалі, што будуць мяняць эксперыментальна-гаспадарчую зону, якая займае 68 000 га, і нават учора хадзілі да начальніка дэпартамента (ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС. - Рэд.). Ён нас супакоіў, запэўніўшы, што гаворка ідзе толькі аб ахоўнай зоне. Будзе яшчэ змяняцца мяжа запаведніка ў раёнах населеных пунктаў - там нібыта людзям вельмі нязручна. Але аб шырокамаштабнай змене мяжы гаворка не ідзе», - распавёў Вінчэўскі.

Беларускі дыктатар падпісаў указ №259 пасля свайго візіту ў Кіеў. Таму ўзнікла версія, што з'яўленне дакумента звязанае з праектаваным міжнародным водным шляхам Е-40 з Балтыйскага мора ў Чорнае. Праект уключае і паглыбленне ракі Прыпяці з цяперашніх 1,5 метраў да 2,5 метраў.

Цягам 80 кіламетраў Прыпяць працякае па тэрыторыі Палескага запаведніка. У выпадку рэалізацыі праекта Е-40, эколагі асцерагаюцца радыеактыўнага забруджвання Дняпра, што можа пагражаць трапляннем радыенуклідаў у крыніцы пітной вады для Кіева.

Аднак указ Лукашэнкі з праектам Е-40, відавочна, ніяк не звязаны. «Прыпяць толькі ля Нароўлі ўваходзіць у ахоўную зону, вялікая яе частка проста перасякае запаведнік па цэнтры», - канстатуе Вінчэўскі. Таму галоўныя перамены, выкліканыя ўказам, палягаюць у тым, што паляваць і араць цяпер будуць зусім побач з мяжой зоны адчужэння, а ўсё, што пры гэтым будзе здабытае на паляванні і вырашчанае на палях, патрапіць на сталы беларусаў.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках