Перад матчам у Слуцку затрыманыя 30 фанатаў
1- 13.07.2015, 18:10
- 24,845
Супрацоўнікамі органаў унутраных спраў папярэджаная бойка паміж актыўнымі заўзятарамі каманд СФК «Слуцк» і ФК «Шахцёр» (Салігорск).
Пра гэта сайту charter97.org паведамілі ва УУС Мінаблвыканкама.
12 ліпеня 2015 года на стадыёне «Гарадскі» Слуцка адбыўся футбольны матч паміж камандамі найвышэйшай лігі Чэмпіянату Рэспублікі Беларусь у футболе «Слуцк» (Слуцк) і «Шахцёр» (Салігорск). На матчы прысутнічалі 1500 гледачоў. Гульня закончылася з лікам 0:2.
Ахова парадку забяспечвалася супрацоўнікамі Слуцкага РАУС, АМАП УУС Мінаблвыканкама і вайскоўцамі в/ч 3310. Парушэнняў грамадскага парадку пры правядзенні футбольнага матчу не дапушчана. Разам з тым, напярэдадні матчу, а 14:45, на вуліцы Леніна, прыкладна за 500 метраў ад стадыёна супрацоўнікамі міліцыі былі заўважаныя дзве групы актыўных заўзятараў, якія, наблізіўшыся адзін да аднаго, сталі выкрыкваць узаемныя абразы, у тым ліку і з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі, а таксама выяўляць намер распачаць бойку.
Супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, у прэвентыўных мэтах, быў затрыманы 31 удзельнік інцыдэнту. Малодшаму з затрыманых - 15 гадоў, старэйшаму - 25, дваццаці аднаму з іх не споўнілася 18-ці гадоў. Большасць - навучэнцы школ і ўстаноў прафесійнай адукацыі.
«Слуцкім РАУС у дачыненні да заўзятараў СФК «Слуцк» было складзена 29, а ў дачыненні да заўзятараў ФК «Шахцёр»- 2 адміністрацыйныя пратаколы паводле арт.17.1 КоАП Рэспублікі Беларусь «Дробнае хуліганства». На паўналетніх затрыманых накладзеныя штрафы сумай ад 2 базавых адзінак, у сваю чаргу, матэрыялы ў дачыненні да непаўналетніх удзельнікаў інцыдэнту перададзеныя ў тэрытарыяльныя камісіі спраў непаўналетніх для прыняцця законнай пастановы да іх бацькоў, а таксама правядзення адпаведнай прафілактычнай працы», - заявіў намеснік начальніка УАПП УУС Мінаблвыканкама Ілля Венскі.