Мінпрацы - беларусам: Хочаце жыць на зберажэнні - выязджайце з краіны
206- 14.04.2015, 16:46
- 121,418
Дэкрэт аб «дармаедах» ставіць перад нялёгкім выбарам беларусаў, якія пасля многіх гадоў працы наважылі ўзяць тайм-аўт.
Ім прапаноўваюць заплаціць падатак ці... вымятацца з краіны больш чым на паўгода! На пытанне «Еўрарадыё» аб тым, ці можна жыць на заробленыя законным шляхам і назапашаныя грошы, не плацячы падатак за «дармаедства», начальніца юрыдычнай управы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Валянціна Маслоўская адказвае адмоўна.
Чыноўніца матывуе гэта тым, што калісьці заплачаныя падаткі, хай і вялікія, не распаўсюджваюцца на будучыню.
- Распаўсюджваць заплачаныя калісьці падаткі на будучыню нельга. Скажыце, дзе такое магчыма, у якой дзяржаве? Вы працавалі, вы плацілі падаткі, але вы гэта рабілі за той перыяд. Калі вы перасталі працаваць, то мы не можам залічыць выплачаныя падаткі на будучыню. У сваёй практыцы я яшчэ ні ў адной дзяржаве такога не сустракала, - сказала чыноўніца.
- Але такога падатку таксама няма ні ў адной дзяржаве.
- Прабачце, пытанне не ў тым, ці ёсць збор ці не. Пытанне аб удзеле ў падаткаабкладанні. Калі такога збору няма, значыць, у чымсьці іншым ёсць, у памеры падатку. Яны ў некаторых краінах даходзяць да 50%. У кожнай краіне свае магчымасці.
Пры гэтым за мяжой на заробленыя ў Беларусі грошы жыць не працуючы можна, і плаціць падатак на «дармаедства» не давядзецца. Адзіная ўмова - пацвердзіць, што адсутнічаў у Беларусі.
- Гэта значыць, калі я захачу пажыць на свае назапашаныя зберажэнні, мне трэба выязджаць за мяжу?
- Разглядаючы Дэкрэт №3, то так, вам трэба з'ехаць. Калі пражывяце ў краіне менш за 183 дні ў годзе, то будзеце вызваленыя ад збору.
Праўда, у такім выпадку беларускі бюджэт недалічыцца 20% ПДВ, які кожны плаціць, купляючы штосьці ў крамах або аплачваючы ўсе без выключэння паслугі. Гэтыя грошы застануцца за мяжой...
Нагадаем, дэкрэт N3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» Лукашэнка падпісаў 2 красавіка 2015 г.
Дэкрэтам устанаўліваецца абавязак грамадзян Беларусі, замежных грамадзян, якія стала пражываюць у нашай краіне, асоб без грамадзянства, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні (паўгода) у мінулым годзе, па выплаце збору ў памеры 20 базавых адзінак.
Дэкрэт №3 абмяжоўвае магчымасці бацькоў, прымушаючы іх ісці на працу як толькі дзіцяці спаўняецца 7 гадоў.
МУС абяцае не выпускаць за мяжу неплацельшчыкаў збору на фінансаванне дзяржвыдаткаў, якія трапілі ў спісы - і беларусаў, і грамадзян іншых дзяржаў, якія пражываюць у Беларусі.
Міліцыя пагражае прыцягнуць да выплаты збору на фінансаванне дзяржвыдаткаў нават бамжоў паводле прынцыпу «перад законам усе роўныя», у тым ліку тых, што не маюць афіцыйнай рэгістрацыі.
База звестак аб абавязаных плаціць збор на фінансаванне дзяржвыдаткаў, мяркуючы з выказванняў афіцыйных асоб, будзе фармавацца ўсёй чынавенскай раццю.