27 лiстапада 2024, Серада, 9:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША блакавалі 640 млн даляраў у банках сяброў Пуціна

21
ЗША блакавалі 640 млн даляраў у банках сяброў Пуціна

Амерыканскія ўлады заблакавалі актывы двух банкаў сяброў Пуціна на агульную суму блізу $640 млн.

Пра гэта паведамляе Wall Street Journal са спасылкай на звесткі Мінфіна. Газета сцвярджае, што пад удар трапілі банк «Расея», заснаваны Юрыем Кавальчуком, і СМП-Банк братоў Ратэнбэрга, паведамляе NEWSru.com.

Гэтыя банкі апынуліся ў ліку першых расейскіх кампаній, якія трапілі ў амерыканскі чорны спіс. Пасля ўвядзення санкцый, пад якія трапілі Юрый Кавальчук, Генадзь Цімчанка, Аркадзь і Барыс Ратэнбэргі, Уладзімір Пуцін мінімум двойчы казаў публічна, што ганарыцца сяброўствам з імі.

WSJ атрымала звесткі аб суме блакаваных сродкаў, накіраваўшы запыт у міністэрства фінансаў. Згодна з публікацыяй, больш за ўсё пацярпеў банк «Расея», дзе было заблакавана 572 млн даляраў. Паводле ацэнкі выдання, гэта блізу 10% усіх ягоных актываў паводле звестак на 2013 год, але з улікам цяперашняга валютнага курсу. У СМП-Банку блакаваныя 65 млн даляраў - гэта блізу 2% актываў.

Таксама згадваецца, што на рахунку Paypal, які належыць «Луганскай народнай рэспубліцы», Мінфін ЗША заблакаваў 637 даляраў.

Абодва банкі ўваходзяць у спіс расейскіх прадпрыемстваў і фінансавых устаноў, у дачыненні да якіх ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі. Заснавальніка і галоўнага акцыянера банка «Расея» Юрыя Кавальчука WSJ называе меркаваным «кашальком» Пуціна. Пасля таго, як банк трапіў у чорны спіс, прэзідэнт Расеі загадаў пералічваць туды свой заробак, туды ж сталі пераводзіць фінансы некаторых дзяржкарпарацый. Гэта, зрэшты, не ўратавала банк ад адтоку кліентаў: паводле вынікаў 2014 года ён стаў адным з лідараў у скарачэнні дэпазітаў.

Санкцыі таксама дзейнічаюць супраць Ашчадбанка, Банка Масквы, Газпрамбанка, Рассельгасбанка, Знешэканамбанка, ВТБ і шэрагу абаронных прадпрыемстваў, нагадвае ТАСС. Сярод нафтагазавых кампаній пад рэжым санкцый патрапілі «Газпрам», «Газпрам нафта», «ЛУКОЙЛ», «Сургутнафтагаз» і «Раснафта». Ім амерыканскія кампаніі не маюць права прадаваць тавары, паслугі і тэхналогіі, неабходныя для здабычы нафты на глыбакаводных участках, арктычным шэльфе або ў сланцавых пластах.

WSJ у сваім артыкуле адзначае, што хоць санкцыі і спрычыняюцца да рэцэсіі ў расейскай эканоміцы, іх палітычная мэта - змена палітыкі РФ у дачыненні да Украіны, дасягнутая не была. Фінансавае ўздзеянне выданне таксама называе «абмежаваным» з улікам «велізарных багаццяў», якія назапасілі людзі з «бліжэйшага атачэння» Пуціна.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках