27 лiстапада 2024, Серада, 13:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнікі не паверылі ўладам: найбуйнейшыя рынкі Берасця закрыліся

55

Тры найбуйнейшыя рэчавыя рынкі горада Берасця закрытыя.

Самы «дружны» - за ЦУМам, тут працуе толькі адзін ларок з мабільнымі аксэсуарамі, на Варшаўскім адкрытыя калыскі, ровары, прадаюць кухні, і працуе адзін павільён з дарагімі касцюмамі. Лагуна, праз сваю разнанакіраванасць у гандлі, глядзіцца больш шматлюдна, але гэта толькі першае ўражанне, піша «Виртуальный Брест».

Тут калі і гандлююць, то адзінкі, а пабачыўшы чалавека з фотаапаратам, імгненна пачынаюць збіраць рэчы, і просяць не ганьбіць іх. У некаторых месцах атрымалася пагаварыць з людзьмі, якія раней гандлявалі. Усе настроены вельмі скептычна, і ніхто не верыць словам урада, якія прагучалі ўчора пасля абеду. Кіданні з боку ў бок ужо стамілі людзей да апошняга, і цяпер патрабаванні будуць простымі - адмяніць дзеянне ўказа, і зрабіць гэта афіцыйна. А словы з абяцаннямі, маўляў, працуйце, нічога не бойцеся - толькі словы, не падмацаваныя ніякім дакументам. Людзі ўжо не раз пераконваліся, што ў нашай дзяржаве ўсё можа павярнуцца ў іншы бок у любы момант, і калі сёння сказалі - можна, заўтра прыйдуць, і забяруць увесь тавар, і ніхто нічога нікому не давядзе.

Гэта так народ кажа, на рынках. А ўчора, у свой апошні працоўны дзень на рынках, былі праведзеныя распродажы, і людзі сапраўды прыйшлі, і рабілі пакупкі, быццам апошнім разам.

«Яшчэ варта звярнуць увагу, што акрамя саміх ІП-шнікаў, без працы будуць і іншыя, задзейнічаныя ў працэсе людзі. Пакуль яшчэ горда ходзіць ахова па рынку, яны яшчэ не разумеюць, што калі гандаль так і не пачнецца, ім давядзецца шукаць іншую працу. Пакуль яшчэ стаяць пад рынкамі маршрутчыкі - яны разумеюць сітуацыю, і ўжо падлічваюць страты. Шматлікі абслугоўваючы персанал, транспартнікі, адміністрацыя - усіх іх пацягне за сабой непрыемная сітуацыя.

Што будзе далей? Людзі, вядома, знойдуць выхад з сітуацыі, асабліва берасцейцы. Хтосьці паедзе ў Польшчу, хтосьці на Украіну, ужо цяпер чэргі на мяжы даволі вялікія. І сапраўды таксама вывезуць валюту з краіны, ды толькі вось бяда, падаткаў з гэтага наш бюджэт не атрымае. Нам кажуць, што ўвядзенне сертыфікатаў - гэта клопат аб пакупніку, ды толькі вось не дагаворваюць аб тым, што ў пакупніка цяпер проста няма выбару. Каму трэба якаснае - той мог купіць даражэйшае, і з сертыфікатам. У каго грошай мала, таго ніякія сертыфікаты не цікавяць, галоўнае - танней. Увага пытанне - у сувязі са складаным становішчам людзей і вельмі нізкім узроўнем заробкаў ў Беларусі - якіх людзей больш? Адказ відавочны», - піша выданне.

Нагадаем, Форум індывідуальных прадпрымальнікаў, які адбыўся напярэдадні ў Менску, не развязаў галоўнай задачы, якая стаяла перад ягонымі ўдзельнікамі - адтэрмінаваць уваходжанне ў дзеянне ўказа Лукашэнкі №222, які абавязвае мець з 1 сакавіка суправаджальныя дакументы на кожную адзінку тавару. Гандляваць без належных суправаджальных дакументаў праз тыдзень будзе забаронена. У выпадку парушэнняў прадпрымальнікаў будуць штрафаваць на 9 мільёнаў, а тавар будзе канфіскоўвацца. Ужо цяпер праходзяць масавыя стыхійныя праверкі і канфіскацыі.

Прадстаўнікі галіны канстатуюць, што ў выніку тысячы прадпрымальнікаў будуць вымушаныя спыніць дзейнасць, так як аптовыя базы ў Расеі, дзе ў асноўным і затаварваюцца беларусы, працуюць без сертыфікатаў.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках