«Нафтагаз» - «Газпрому»: Без гарантый папярэдняй аплаты не будзе
4- 24.02.2015, 16:54
- 17,766
Расейскі газавы манапаліст не выканаў заяўку Украіны на пастаўку 22 лютага папярэдне аплачанага прыроднага газу, чым парушыў Брусэльскія пагадненні.
«Нафтагаз Украіны» папярэдзіў «Газпром», які цягам апошніх дзён абмяжоўвае пастаўкі «блакітнага паліва» ва Украіну, аб немагчымасці далейшай папярэдняй аплаты за прыродны газ без гарантый выканання расейскім манапалістам Брусэльскага пратаколу. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні кампаніі.
«НАК «Нафтагаз Украіны» не ўважае за магчымае ўносіць дадатковую папярэднюю аплату за пастаўкі расейскага газу, пакуль не атрымае дастатковай упэўненасці ў абавязковым выкананні як кантракту з боку ААТ «Газпром», так і Брусэльскага трохбаковага пратаколу, падпісанага прадстаўнікамі Расеі, Украіны і Еўразвяза», - гаворыцца ў паведамленні «Нафтагаза».
У кампаніі адзначылі, што ўжо цягам двух дзён «Газпром» не выконвае заяўкі ўкраінскага боку на пастаўку аплачанага газу ў рамках кантрактных варункаў.
«Газпром» быў абавязаны паставіць па 114 млн куб. м 22 і 23 лютага 2015 года, але паставіў фактычна толькі 47 і 39 млн куб. м адпаведна», - адзначаецца ў паведамленні.
У канцы кастрычніка ў Брусэлі Украіна і Расея дамовіліся, што Украіна атрымае расейскі газ зніжаным коштам пасля аплаты часткі запазычанасці і ўнясення папярэдняй аплаты за будучыя пастаўкі. Пагадненне разлічанае да красавіка 2015 года.