27 лiстапада 2024, Серада, 10:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінгандлю адмовіўся ісці на саступкі прадпрымальнікам

44
Мінгандлю адмовіўся ісці на саступкі прадпрымальнікам

ІП не дазволяць прадаваць рэшткі тавару пасля 1 сакавіка.

Гэта вынікае з заяваў, зробленых міністрам гандлю Валянцінам Чаканавым 20 лютага на пашыраным пасяджэнні сталай камісіі «палаты прадстаўнікоў» у дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце, паведамляе БелаПАН.

«Што тычыцца чарговага падаўжэння пункта аб продажы тавараў без дакументаў, наша пазіцыя катэгарычная і палягае ў тым, каб не працягваць гэты перыяд. Мы будзем дамагацца, каб усе працавалі паводле правіл. Гаворка ў гэтым выпадку ідзе аб абароне правоў спажыўцоў», - заявіў міністр.

«Прадпрымальнікі кажуць пра тое, што яны не распрадалі ўвесь тавар. Гэтыя словы нам паўтараюць кожны год, і трэба ставіць у гэтым пытанні кропку. Кропка гледжання Мінгандлю і Мінэканомікі ў гэтым пытанні супала, і мы будзем адстойваць сваю пазіцыю, якой бы непрыемнай яна для іх ні была», - падкрэсліў Чаканаў.

Нагадаем, 1 сакавіка заканчваецца перыяд, адведзены ІП для распродажы рэшткаў тавараў, увезеных у Беларусь да пачатку дзеяння ўказа Аляксандра Лукашэнкі № 222 «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці». Указ увайшоў у дзеянне 1 ліпеня 2014 года. Згодна з дакументам усе тавары, якія ўвозяцца ў Беларусь, павінны мець сертыфікаты адпаведнасці тэхнічным рэгламентам Мытнага саюза (МС).

ІП заяўляюць, што не змогуць працаваць паводле новых правіл, бо атрымаць усе неабходныя дакументы ў пастаўшчыкоў (у асноўным расейскіх) практычна немагчыма.

Яшчэ ў канцы студзеня чыноўнікі паведамлялі аб папраўках, якія рыхтуюцца ва ўказ №222, паводле якіх тэрмін распродажы ІП рэшткаў тавараў можа быць падоўжаны. Аднак неўзабаве прадстаўнікі ўлады заявілі, што не маюць намеру ўносіць ва ўказ такія змены.

16 лютага ў Менску прайшоў форум, на які з'ехаліся больш за тысячу ІП з усіх рэгіёнаў краіны. Яны заклікалі ўлады скасаваць абмежаванні на распродаж таварных рэшткаў без сертыфікатаў і з 1 сакавіка накласці мараторый на канфіскацыі і праверкі «да тэрміну прыняцця пастановы аб суправаджальных дакументах, што задавальняюць усе зацікаўленыя бакі».

Удзельнікі форуму таксама прапанавалі накласці з 1 сакавіка мараторый на канфіскацыі і праверкі «ў рамках дзеяння тэхнічнага рэгламенту МС у дачыненні да ІП, якія займаюцца раздробным гандлем, праз масавае невыкананне гэтых правілаў у краінах МС».

ІП заклікалі ўлады да «шчырасці і сумленнага дыялогу і выпрацоўкі выразных крытэраў развіцця нацыянальнага бізнэсу». З гэтай мэтай яны прапануюць правесці першы агульнанацыянальны з'езд прадпрымальнікаў.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках