Прадпрымальнікі: Пасля 1 сакавіка застануцца толькі лічаныя «камікадзэ»
78- 18.02.2015, 11:37
- 146,663
Улады знішчылі ІП як клас.
Форум індывідуальных прадпрымальнікаў, які адбыўся напярэдадні ў Менску і выклікаў значны ажыятаж сярод гандляроў, але не развязаў галоўнай задачы - адтэрмінаваць уваходжанне ў дзеянне ўказа Лукашэнкі №222, які абавязвае мець з 1 сакавіка суправаджальныя дакументы на кожную адзінку тавару, паведамляе «Радыё Свабода».
Прадстаўнікі галіны канстатуюць, што ў выніку тысячы прадпрымальнікаў будуць вымушаныя спыніць дзейнасць, бо аптовыя базы ў Расеі, дзе пераважна і затаварваюцца беларусы, працуюць без сертыфікатаў. Колькі засталося жыць гандлёвым цэнтрам?
Падземны комплекс «Купалаўскі», што ў самым цэнтры Менска, сустракае рэдкімі пакупнікамі і шэрагам павільёнаў з апушчанымі ралетамі. На многіх паперчыны з нумарамі тэлефонаў і красамоўнымі прапановамі: прадам, здам у арэнду, разгледжу варыянты абмену. Прычына - нявызначанасць на найбліжэйшую перспектыву: наглядныя органы абяцаюць жорстка караць за гандаль без сертыфікатаў аб паходжанні і якасці тавару. Адзін з гандляроў перакананы, што пасля 1 сакавiка тут застануцца толькі лічаныя «камікадзэ»:
«Добра, я магу зрабіць, дапусцім, размытненне, прывезці сертыфікаты і іншае, ёсць такая магчымасць. Але я не буду тут адзін стаяць! Ну, яшчэ два калекі якія-небудзь знойдуцца, складуць кампанію. Тут і так нікога няма, а будзе наогул «выпаленая зямля». Таму сітуацыя папросту безвыходная. У наш бок ад уладаў няма ніякіх крокаў, стаўленне як да класавага ворага. Асабіста я абсалютна шакаваны, ды і не толькі я, усе шакаваныя ад цяперашняй сітуацыі. Пасля 1 сакавіка, я перакананы, адсоткаў 70 павільёнаў тут адназначна будзе закрывацца, а можа, нават і больш».
Віктар некалькі гадоў як пенсіянер. Раздробны гандаль даваў адчувальны давесак да сціплай пенсіі. Але цяпер, кажа ён, народ у такім стане, што для некаторых паход у прадметную краму - раскоша:
«Джынсы прапаную, а мне нават моладзь адказвае: дзякуй, бацька, мы свае старыя падлаталі і яшчэ паходзім. Просты і зразумелы адказ. Не да шыку цяпер, у людзей проста няма грошай. Скажам, калі курс быў 10-11 тысяч, тут пустых крам не было, пакупнікі хадзілі. Гэта значыць нагавіцы каштавалі 500-600 тысяч, і гэта людзей неяк задавальняла. Але цяпер, з курсам 15 тысяч, пералічыш - і атрымаеш 800-900 тысяч. Выцягні такую суму з заробку ў 4 мільёны рублёў, і што застанецца - траціну аддаць за порткі? Ці за сукенку, якая каштуе 1 мільён 200 тысяч? Вядома, усякія ёсць - і 900 тысяч, і 2 мільёны - але палову заробку на анучу ніхто не аддасць. Пры гэтым паднялася плата за кватэру, за іншыя паслугі. Карацей, безвыходнасць ... »
Яшчэ надоечы гандлёвы цэнтр «Люстэрка», што ля Камароўскага рынку, уважаўся за папулярнае і прэстыжнае месца для арандатараў. Але, кажа гаспадыня аднаго з павільёнаў Вольга, цяпер адсюль разбягаюцца хто куды:
«Вельмі многія крамы закрываюцца ва ўсіх цэнтрах. Канкрэтна тут, на «Люстэрку», больш за 40 павільёнаў проста пустуе. Калісьці ў мяне была крама ў гандлёвым цэнтры «Сілуэт». Дык вось, калі я яе там адкрывала - а гэта было ўсяго два гады таму - на «Люстэрку» стаяла чарга з ахвотных арэндаваць тут краму! Сюды было наогул не ўціснуцца, толькі праз вялікае знаёмства. А цяпер людзі прадаюць фактычна за бесцань гэтыя крамы, яны нікому не патрэбныя, ніхто іх купляць не хоча. Увогуле, як мне здаецца, канкрэтна ў гэтага гандлёвага цэнтра будучыні папросту няма».
У згаданым суразмоўцам «Сілуэце» сітуацыя крыху больш прывабная - але, удакладняюць мясцовыя прадаўцы, хіба што да канца месяца. Калі пойдуць з аблавамі кантралёры, наўрад ці хто захоча выпрабоўваць лёс. Пры гэтым адзін з ІП здзіўлены, што ўлады так упэўнена сякуць сук, на якім сядзяць у адной звязцы з прадпрымальнікамі:
«Ужо нават на падаткі можаце паглядзець. Калі раней я прыходзіў у падатковую інспекцыю і там 4-5 кабінетаў інспектараў было, то сёння з «плынню» спраўляецца адзін пакой – такіх боўдзілаў, прабачце за параўнанне, панабіралі, у якіх нічога не даб'ешся. Адзін-два чалавекі з старой гвардыі, якія хоць неяк арыентуюцца, астатнія - цёмны лес. Калі там, адпаведна, таксама не плацяць заробкаў, то ідуць шалёныя скарачэнні. Шчыра кажучы, нават не ўяўляю, як яны плануюць з гэтымі праверкамі, з усімі справамі спраўляцца, бо там жа штат павінен быць больш-менш рэальны. І я не думаю, што дзяржава справіцца з гэтай задачай, асабліва што да канфіскацыі і таму падобных рэпрэсіўных захадаў».
У суседнім комплексе «Атлантыка» настрой такі ж. Гаспадары наракаюць на высокую арэндную плату, якая «з'ядае» абарачальныя сродкі, і дзяржаўную палітыку, якая давяла да ручкі і саміх гандляроў, і іх кліентаў:
- Грошай у народа няма. Даюць заробак кавалачкамі, каб толькі ногі не працягнулі. Працы ўсё менш, выходзяць на скарочаны графік, на будоўлях зімой наогул застой. Такая вось сітуацыя з плацежаздольнасцю.
- Прасвет які-небудзь бачыцца? Што далей?
- Ну, які тут прасвет? Танней не працаваць, чым проста сядзець і плаціць арэнду ў далярах. Гэта ж абсурд - у дамове прапісана арэнда паводле курсу даляра, як у нейкай Амерыцы. Прычым расцэнкі вялікія - 45 даляраў за метр, што, зноў жа, даражэй, чым у Штатах.
- А стандартны павільён якога памеру?
- Наогул розныя, але пераважна плошча 10-15 метраў. Выходзіць, што ўжо за кошт арэнды адчувальна набягае, плюс яшчэ падаткі, пенсійны фонд. Пры гэтым трэба заплаціць наперад, а што заробіш - яшчэ пытанне. Гэта ж не так, што сапраўды зарабіў - шчыра заплаціў ад прыбытку. А проста плаці наперад за права працы, вось і ўсё, ды яшчэ паводле нейкага амерыканскага курсу. Усе разлікі трэба весці ў нацыянальнай валюце, толькі так.
Паводле выніках форуму 16 лютага прадпрымальніцкае аб'яднанне «Перспектыва» прыняло рэзалюцыю, у якой, сярод іншага, гаворыцца: усё, што будзе адбывацца пасля 1 сакавіка, трэба разглядаць як вынік працы чыноўнікаў, якія пераканалі вышэйшае кіраўніцтва краіны ў правільнасці выбару кірунку развіцця малога бізнэсу:
«Мы па-ранейшаму разглядаем такі шлях памылковым, бо ён прычыніцца да знішчэння ІП і сур'ёзнага ўдару па эканоміцы Беларусі».
Актывісты «Перспектывы» падкрэсліваюць, што не будуць ініцыяваць акцыі пратэсту, але не могуць гарантаваць, што такія выступы не пройдуць стыхійна. Каб не давесці сітуацыю да крытычнай, прадпрымальнікі пачалі збор подпісаў за арганізацыю вялікай нарады з удзелам Лукашэнкі.