27 лiстапада 2024, Серада, 12:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнікі масава сыходзяць з гандлёвых цэнтраў

34

Гандлёвыя цэнтры Беларусі паступова пусцеюць.

Фінансавая нестабільнасць ударыла па пакупніцкай здольнасці насельніцтва, а арэндная плата становіцца непад'ёмнай. Працаваць у такіх варунках прадпрымальнікам папросту нявыгадна, паведамляе «Радыё Свабода».

Традыцыйна людны і папулярны ў пакупнікоў «Паркінг» сёння здзіўляе сваёй пустатой. Значная частка павільёнаў закрытая, на многіх вісяць аб'явы аб тэрміновым продажы або здачы ў арэнду. Куды дзеліся гандляры?

- Ды гэта матывуецца, перш за ўсё, станам эканомікі, а не нейкім аднамомантным працэсам. Людзі неплатаздольныя, вось і ўсё. У нас тавар удвая, а то і ўтрая стаў таннейшы, хоць арэнду калі і паніжаюць, то не настолькі, колькі мы губляем. Мэта - не баляваць, а проста выжыць, каб звесці канцы з канцамі. Адзінае, што ў нас яшчэ невялікія метраж, і, у прынцыпе, 1-2 тысячы даляраў - яшчэ цярпіма. Захочаш - неяк аддасі, назбіраеш. А калі як у «Еўропе» арэнда 4000 еўраў, то я не ведаю, як яны выціскаюць з сябе, - кажа адзін з прадпрымальнікаў.

- У вас плошча не прыватызаваная, арэнда?

- Не, не прыватызаваная, бо няма сэнсу, перспектыў ніякіх. Калі раней на «Паркінгу» квадратны метр быў блізу 7 тысяч даляраў і сягаў нават да 10 тысяч, то дай мне цяпер выкупіць за 1 тысячу - гэта будуць проста выкінутыя грошы. Мы не ведаем, як з сакавіка будзем існаваць наогул. І сэнс закопваць грошы ў пясок досыць сумніўны.

Згодна з указам Лукашэнкі №222, з 1 сакавіка індывідуальныя прадпрымальнікі не здолеюць працаваць без суправаджальных дакументаў, інакш тавар будзе падлягаць канфіскацыі. Новая норма аўтаматычна ставіць па-за законам большую частку гандляроў.

Адная з гаспадынь павільёна ў гандлёвым цэнтры «Люстэрка» кажа, што пры такім раскладзе будзе вымушаная «самаліквідавацца».

- Калі з 1 сакавіка нам гэты 222 указ не скасуюць, то асабіста я буду закрывацца. І не толькі я, тут усе закрыюцца. Куды дзену ўвесь гэты тавар - не ведаю, але я не хачу падстаўляць сябе пад такія страшныя санкцыі, пад канфіскацыю і г.д. І так разважаюць вельмі многія. Можна канстатаваць, што гандлёвыя цэнтры паміраюць. Тут яшчэ такі момант, што ў людзей проста няма грошай, таму наконт таго, каб сертыфікаваць тавар, гаворка не ідзе, няма за што нам сертыфікаваць. Дайце час, паволі нешта будзем рабіць. А на рэшту тавару трэба наогул ставіць бестэрміновую магчымасць яго прадаць, а не адбіраць. Тады паступова будзем думаць з дакументамі, штосьці вазіць, давозіць. Я так мяркую. Але не секчы з пляча, - кажа яна.

Страты пераследуюць прадпрымальнікаў з пачатку года: знікненне валюты паставіла крыж на новых пастаўках, відавочна не да шопінгу было і пакупнікам. Крыху далі прыбытку калядна-навагоднія святы, але вось ужо месяц як на рынку зацішша. У іншых павільёнах «Люстэрка» распавядаюць, што пакуль ніякага прасвету не відаць.

- Так, усё як павалілася, так і ляжыць. Заробкі ў людзей не падымаюцца, даляр расце. Тое, што раней было 400 даляраў, цяпер 250. Натуральна, пакупніцкая здольнасць знізілася каласальна, на 50%, як мінімум. Магу сказаць, што нават вясной мінулага года, калі звычайна не сезон, у мяне ніколі не было такіх стратных месяцаў, як у гэтым годзе ў пік сезону. Гэта проста жудасна! Прычым набудавалі гандлёвых цэнтраў: выйшаў з пад'езду, завярнуў за рог - і ты ўжо пасярод крамы. У кожным мікрараёне іх ужо дзесяткі. Але ў нас ужо няма такога попыту, у нас людзі не купляюць столькі ўсяго. І навошта будуюць - незразумела. А колькі яшчэ ў працэсе будаўніцтва! Канкурэнцыя проста вар'яцкая, як тут выжыць? Для дробных прадпрымальнікаў гэта наогул дарога ў нікуды. Я не магу сабе дазволіць наняць у гандлёвым цэнтры «Замак» краму 40 квадратных метраў, каб плаціць 4 тысячы еўраў, у мяне няма такіх грошай. Хоць я і там была, там такая ж цішыня, пустата, - кажа адная з прадпрымальніц.

Гандлёвы цэнтр «Атлантык» - як раз паміж «Люстэркам» і «Паркінгам». Гандляр аднаго з павільёнаў распавядае, што напачатку года прадпрымальнікі «сталі ў позу» і выбілі ў гаспадара комплексу 35-адсоткавую зніжку на арэнду да канца зімы. Але на падыходзе вясна, а прыбытку як не было, так і няма.

- Арэнда з'ядае даслоўна ўсё - і прыбытак, і запасы, якія былі на чорны дзень. Усё ідзе на неадэкватную арэнду, прычым у валюце. Мы як у Амерыцы, бо нас прывязалі да амерыканскай нацыянальнай валюты. У выніку што атрымліваецца: даляр вырас, людзі збяднелі, бо атрымліваюць заробак у рублях, мы прадаем рэчы старымі коштамі, арэнду плацім паводле новых тарыфаў. Надзвычайны вэрхал, падчас якога танней проста не працаваць, а адседзецца некаторы час, пакуль усё не наладзіцца. Вось у нас сусед пайшоў, ён спакойна праз пару месяцаў вернецца, зэканоміць і на арэндзе, і на падатках, і тавар захавае. А так мы проста раздаем тавар налева і направа: прадалі - заплацілі арэнду, прадалі - заплацілі падатак. Такое вось замкнёнае кола, - кажа прадпрымальнік.

На 16 лютага «Пэрспэктыва» плануе форум з удзелам прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў Беларусі, дзе будуць узнятыя самыя вострыя праблемы прадпрымальніцкай грамадскасці. Да дыялогу запрошаныя і чыноўнікі зацікаўленых дзяржаўных устаноў.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках