26 лiстапада 2024, aўторак, 22:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Багданкевіч: Беларускі рубель мацней прывязалі да расейскага

11
Станіслаў Багданкевіч: Беларускі рубель мацней прывязалі да расейскага

Неабходнасці ў прывязцы кошту беларускага рубля да расейскага рубля ў фінансавых улад Беларусі няма.

Такое меркаванне ў каментары для БелаПАН выказаў былы старшыня праўлення Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч, аналізуючы зацверджаны галоўным банкам краіны комплекс мер «у далейшай стабілізацыі сітуацыі ў фінансавай сферы і аднаўлення ўстойлівасці функцыянавання валютнага рынку».

Сярод іншых мер, 9 студзеня Нацбанк аднаўляе выкарыстанне механізму прывязкі курсу беларускага рубля да кошыку замежных валют. Пры гэтым у структуры кошыка дзель расейскага рубля павялічваецца да 40%, а долі еўра і даляра зніжаюцца да 30% кожная.

«Разлікі з Расеяй у нас усё роўна ідуць у даляравай ацэнцы. Кантракты заключаюцца на пастаўку нафты, газу і іншых тавараў у далярах. Таму ніякай неабходнасці прывязвацца да расейскага рубля няма», - мяркуе Багданкевіч.

Ён таксама нагадаў, што нядаўна самі беларускія ўлады запатрабавалі, каб фіксаваць цэны пры экспарце прадуктаў харчавання ў Расею ў далярах.

«Варта таксама ўлічваць, што курс расейскага рубля адштурхваецца ад кошту даляра ЗША. Зыходзячы з усяго гэтага не зусім зразумелае рашэнне беларускага Нацбанка ў частцы «прывязкі» да расейскага рубля», - адзначыў эксперт.

У цэлым, на думку Багданкевіча, папярэдні вопыт прывязкі да кошыка валют не даў нічога станоўчага. «Гэта, вядома, не так прынцыпова, але мне здаецца, што было б нашмат прасцей, калі б курс беларускага рубля быў «прывязаны» да даляра ЗША», - сказаў Багданкевіч.

Экс-кіраўнік Нацбанка таксама лічыць, што стаўка рэфінансавання, якую 9 студзеня Нацбанк павышае на 5 працэнтных пунктаў да 25% гадавых, па-ранейшаму не адпавядае эканамічным рэаліям і іграе «віртуальную ролю». «Стаўка названая, але на яе ніхто ўвагі ўжо не звяртае», - адзначыў эксперт.

«Разумна было павышаць да ўзроўню максімальных ставак дэпазітаў. Стаўка рэфінансавання - гэта стаўка, паводле якой падаюцца рэсурсы Нацыянальным банкам камерцыйным банкам. І калі сёння рэсурсы даюцца пад 50%, а заўтра будуць пад 40%, то чаму стаўка павінная быць 25%? Нейкае збліжэнне ставак ідзе. Але чаму б не абрэзаць гэта ўсё за адзін раз і больш не дапускаць гэтых жартаў?» - задаўся пытаннем экс-кіраўнік Нацбанка.

Агулам, на ягоную думку, прынятыя Нацбанкам меры зробленыя ў правільным кірунку, аднак неабходная ўзгодненая з урадам рэальная праграма дзеянняў, структурных рэформаў у эканоміцы, якая магла б быць падтрыманая ў тым ліку Міжнародным валютным фондам і Еўразійскім банкам развіцця. У гэтым выпадку Беларусь магла б атрымаць гэтак неабходныя знешнія запазычанні.

«Такой эканамічнай праграмы пакуль, на жаль, няма», - падкрэсліў Багданкевіч.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках