Збігнеў Бжэзінскі: Расея можа захапіць Рыгу і Талін за дзень
19- 22.01.2015, 14:14
- 25,151
Злучаныя Штаты і іх саюзнікі павінны размясціць баявыя падраздзяленні сваіх войскаў у краінах Балтыі.
Такім чынам можна ўтрымаць Расею ад магчымага ўварвання. Пра гэта заявіў былы дарадца прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Збігнеў Бжэзінскі, піша ZN.UA.
У сваім выступе ў сераду перад Камітэтам Сената ЗША па ўзброеных сілах гэты экспэрт у замежнай палітыцы, які працаваў пры прэзідэнце Джымі Картэры, выказаў асцярогі, што прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін можа паспрабаваць узяць пад кантроль краіны Балтыі настолькі вокамгненна, што гэта застане NATO знянацку.
Катастрафічны сцэнар можа складацца ў тым, што "ў адзін дзень - літаральна ў адзін дзень - ён проста захопіць Рыгу і Талін. На гэта яму літаральна спатрэбіцца адзін дзень. І яны ніяк не змогуць гэтаму супраціўляцца", - сказаў Бжэзінскі.
"Тады мы будзем казаць, што гэта жудасна, як мы ўзрушаныя і як усё гэта абуральна. Але, вядома ж, мы нічога не зможам зрабіць", не падвяргаючыся небяспецы ўзнікнення ядзернага канфлікту, дадаў ён.
ЗША павінны выразна даць зразумець Расеі, што ёй давядзецца мець справу з амерыканскімі войскамі, калі яна паспрабуе ўварвацца ў краіны Балтыі, сказаў Бжэзінскі. Ён таксама мяркуе, што заходнія ўрады павінны пастаўляць Украіне абарончую баявую зброю, каб зрабіць уварванне Масквы больш затратным. Пры гэтым неабходна накіраваць сігнал, што Украіна не будзе прынятая ў NATO, упэўнены ён.
Выступ Бжэзінскага супаў па часе з заявамі генеральнага сакратара NATO Йенса Сталтэнберга, што Расея павялічыла аб'ём ва Украіну цяжкіх узбраенняў. У той жа час Кіеў заявіў, што Масква накіравала ва Украіну 9 тысяч вайскоўцаў.
У красавіку 2014 года ў Эстонію прыбыло 150 вайскоўцаў 173. паветрана-дэсантнай дывізіі ЗША.
Фота: PAP