26 лiстапада 2024, aўторак, 15:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Gazeta Wyborcza: Беларусь паглыбляецца ў крызіс

53
Gazeta Wyborcza: Беларусь паглыбляецца ў крызіс

Беларускі рубель падае, попыт на даляры ў некалькі разоў перасягае прапанову.

Каб павялічыць даходы бюджэту, улады хочуць увесці падатак для беспрацоўных і нягледзячы на падзенне коштаў нафты, павялічваюць кошты паліва. Пра гэта піша польскае выданне Gazeta Wyborcza ў артыкуле «Беларусь паглыбляецца ў крызіс» (пераклад - charter97.org).

Кошт беларускага рубля ў параўнанні з далярам ўпаў за апошнія два тыдні больш, чым на 30%. Зараз у беларускіх абменніках за даляр плацяць 15 300 беларускіх рублёў. Нягледзячы на гэта, пастаянна з'яўляюцца праблемы з купляй валюты. Банкі прадаюць у абменніках толькі тую валюту, якую раней купілі ў грамадзян. У выніку, перад большасцю абменнікаў у апошнія дні стаяць чэргі людзей, якія чакаюць таго, што хтосьці прадасць даляры, каб адразу іх купіць.

- Я стаю тут ужо дзве гадзіны. Дачка атрымала зарплату і папрасіла мяне пайсці ў абменнік, каб я купіла даляры. Яна сама на працы, і не можа стаяць у чарзе. Ясна, што рубель будзе стала падаць, таму мы хочам неяк захаваць свае грошы - кажа Святлана, якая стаіць у чарзе перад адным з гарадзенскіх абменнікаў.

Падобная сітуацыя - ва ўсёй краіне.

- Людзі страцілі давер да рубля, а іх чаканні дэвальвацыі яшчэ больш цягнуць яго ўніз - сказаў газеце былы кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

Аднак у крызісу ёсць і іншыя прычыны. Гэта падзенне коштаў на нафту. Яно стала прычынай таго, што галоўная крыніца даходаў беларускага бюджэту - продаж у ЕЗ паліва, перапрацаванага ў Беларусі з таннай расейскай сыравіны - прыносіць менш даходаў, чым планавалася.

- Падзенне кошту нафты на адзін даляр азначае для нас падзенне сальда гандлю нафтай і палівам на 20 мільёнаў даляраў цягам года - сказаў у канцы снежня ў інтэрв'ю міністр эканомікі Мікалай Снапкоў.

Другой важнай прычынай крызісу з'яўляецца эканамічная сітуацыя ў Расеі. Падзенне расейскага рубля стварыла сітуацыю, пры якой са студзеня па лістапад 2014 года беларускі экспарт у Расею скараціўся на 1 мільярд даляраў у параўнанні з такім жа перыядам у 2013 годзе.

- Калі мы вырашым толькі адно пытанне, на якім я настойваю, - дыверсіфікацыя экспарту ў плане продажаў у Расеі, якія выпалі, хоць бы - г.зн. пераарыентаваць тую прадукцыю на іншыя рынкі, гэта таксама не так шмат, мы сыдзем ад гэтых абвалаў і няшчасцяў у эканоміцы і фінансах, значыць - сказаў Аляксандр Лукашэнка 15 студзеня на пазачарговай сесіі "нацыянальнага сходу".

На ягоную думку, варта прадаваць беларускія тавары ў Кітай, Індыю і арабскія краіны, замест таго, каб везці іх у Расею. Акрамя таго, Лукашэнка запатрабаваў увесці «падатак на дармаедства». Згодна з падрыхтаваным праектам пастановы, усе, хто на працягу паловы года не быў нідзе афіцыйна працаўладкаваны, будуць вымушаныя плаціць адмысловы падатак у памеры амаль 200 даляраў.

- Трэба, каб усе плацілі падаткі і ўсе працавалі. Нам не варта звяртаць увагі на меркаванне Захаду ў гэтым пытанні - заявіў Лукашэнка.

Паводле звестак беларускага Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, 400 тысяч беларусаў афіцыйна нідзе не працаўладкаваныя, і ўсіх іх дыктатар паспрабуе прымусіць плаціць новы падатак.

Каб павялічыць даходы бюджэту, урад таксама прыняў пастанову, нягледзячы на падзенне коштаў на нафту, павялічыць з 13 студзеня кошты на паліва ў сярэднім на 4,7%.

- Выказванні Лукашэнкі і ягоныя дзеянні паказваюць, што ён не да канца разумее складанасць гэтай сітуацыі. Урад павінны пераканаць грамадзян, што мае стратэгію і план выхаду з крызісу. Без гэтага, крызіс будзе паглыбляцца, а давер людзей да ўлады будзе падаць - лічыць Багданкевіч.

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках