Барыс Нямцоў: Працяг пуцінскага вар'яцтва вядзе да вымірання рускага народа
25- 11.01.2015, 12:47
- 42,691
Эканоміка Расеі здзімаецца сінхронна з нафтавай бурбалкай.
Пра гэта піша адзін з лідараў расейскай апазіцыі Барыс Нямцоў у сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».
«Пакуль надзімалася нафтавая бурбалка, Расея ўстойліва ўваходзіла ў 10 найбуйнейшых эканомік свету, - нагадвае ён. - Па ВУП мы былі на 8 месцы (гл графік- правы слупок - вынік 2013 года ў млрд даляраў), а па ВУП з улікам парытэту пакупніцкай здольнасці былі нават на шостым і амаль даганялі Нямеччыну.
Але вось нафтавая бурбалка здзьмулася і высветлілася, што ВУП Расеі імкліва ўпаў. Агенцтва Fitch, зыходзячы з кошту нафты ў 15 годзе ў 70 даляраў і курсу 50 руб за даляр (гл. табліцу. Вельмі аптымістычна, дарэчы. Цяпер нафта 50, а даляр каштуе 60 рублёў) прыходзіць да высновы, што ВУП на душу насельніцтва ў 15 годзе будзе 9500 даляраў, а ВУП краіны ў 15 годзе складзе 1,35 трлн даляраў. Гэта прыкладна 13 месца ў свеце, дзесьці побач з Гішпаніяй. Калі ж зыходзіць з курсу ў 60 за даляр і нафты ў 50 за барэль, то ВУП будзе меншы за 1,2 трлн даляраў і зраўняецца з мексіканскім. Расея стане 15-й эканомікай свету».
Барыс Нямцоў падкрэслівае, што эканоміка Расеі здзімаецца сінхронна з нафтавай бурбалкай і гэта непазбежна павінна паўплываць на палітыку.
«Працяг імперскай палітыкі мяркуе велізарныя вайсковыя выдаткі, а таксама немалыя выдаткі на спецслужбы і бюракратыю, - піша ён.- Ва ўмовах лопнуўшай эканомікі, калі няма ніякіх рэзерваў, гэта можна зрабіць толькі за кошт адукацыі, медыцыны і пенсіянераў.
Скарачэнне выдаткаў на адукацыю цалкам упісваецца ў праграму дэбілізацыі рускага народа, якая паспяхова рэалізуецца існым рэжымам. Складаней з пенсіянерамі. Яны - устойлівая група падтрымкі Пуціна і заганяць іх у адкрытую галечу - губляць мільёны прыхільнікаў.
Што датычыць скарачэння выдаткаў на медыцыну, то гэта прамы шлях да вымірання Расеі. Гэта значыць, адкрытая русафобія. Цалкам магчыма Пуцін мяркуе, што расейскіх салдат можна замяніць на таджыкскіх і таму ён падпісаў Указ аб службе замежнікаў у ВС Расеі. Але ва ўмовах дэвальвацыі, рэальныя зарплаты ў Расеі ўпалі і надзея на мігрантаў не спраўдзіцца. Яны ў Расею не паедуць.
Дарэчы, з гэтай жа прычыны выміранне Расеі паскорыцца, паколькі мігрантаў у краіне будзе нашмат менш.
Адсюль выснова: маючы мексіканскую эканоміку, Расея павінна адмовіцца ад імперскіх планаў, спыніць агрэсію ў дачыненні да Украіны і нармалізаваць дачыненні са светам з тым, каб дамагчыся скасавання санкцый. Працяг пуцінскага вар'яцтва стане адкрыта русафобскай палітыкай, накіраванай на выміранне рускага народа».