27 лiстапада 2024, Серада, 3:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лекары патрабуюць шпіталізацыі Максіма Вінярскага

9
Лекары патрабуюць шпіталізацыі Максіма Вінярскага

Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» шостыя суткі трымае сухую галадоўку ў турме.

Адвакат Вольга Безбародкіна пацвердзіла, што стан здароўя яе падабароннага, Максіма Вінярскага, які з 23 красавіка трымае сухую галадоўку ў турме на Акрэсціна, вельмі дрэнны.

Пра гэта паведаміла на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» Наталля Паўлава.

«Адвакат Безбародкіна хадзіла да Максіма сёння. Усё вельмі дрэнна. 27 яму хуткую выклікалі, лекары на шпіталізацыі настойвалі - міліцыя не адпусціла. Усе дрэнна да такой ступені, што ён размаўляць не можа - прапаў голас. І ён вельмі слабы. Галадоўку трымае», – напісала яна.

Адвакат Вольга Безбародкіна паведаміла БелаПАН, што 27 красавіка Вінярскаму выклікалі ў ЦІП хуткую дапамогу. Медыкі зафіксавалі ў яго павышаны ціск, прапісалі прымаць некалькі прэпаратаў, у тым ліку валідол. «Да яго кожны дзень прыходзіць лекар, які вымярае яму ціск. Тэмпература ў яго паніжаная, 36,2 градуса. Сёння ён нават дрэнна гаварыў. Ёсць верагоднасць, што яго шпіталізуюць. У прынцыпе, яго ўжо павінны былі шпіталізаваць праз вельмі дрэнны стан», – распавяла адвакат.

28 красавіка Безбародкіна сустракалася з кіраўніцтвам ЦІП і хадайнічала аб шпіталізацыі свайго падабароннага. «Сёння размаўляла з намеснікам начальніка ЦІП. Калі стан здароўя Максіма значна пагоршыцца, стане экстраным, яго шпіталізуюць у шпіталь –так мне адказалі. Я прасіла выклікаць хуткую пры мне, але яны гэтага рабіць не сталі. Усе кантралюе лекар, які вядзе за Вінярскім назіранне, ён нясе за яго адказнасць», – дадала адвакат.

Раней пра пагаршэнне здароўя Вінярскага паведаміла праваабаронца і актывістка кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Юлія Сцяпанава, якая атрымала ад яго ліст.

Нагадаем, Максім Вінярскі быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 22 красавіка ў Менску на выхадзе з гандлёвага цэнтра «Карона». Актывісту заявілі, што ён «падобны на чалавека, які знаходзіцца ў вышуку», аднак ужо ў аддзяленні міліцыі яго абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам праваахоўных органаў і склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. У той жа дзень суддзя Фрунзенскага суда Менска Людміла Лапо прызнала Вінярскага вінаватым і прысудзіла да 12 сутак арышту.

Пад час суда Вінярскаму, у якога на той момант была вострая ангіна, стала дрэнна. Медыкі хуткай дапамогі, што прыбылі канстатавалі, што ён мае патрэбу ў шпіталізацыі, аднак міліцыянты заявілі, што адвязуць яго ў ЦІП. У адказ Вінярскі абвясціў сухую галадоўку, якую трымае да гэтага часу.

Актывіст звязвае сваё затрыманне з імкненнем уладаў не дапусціць яго ўдзелу ў «Чарнобыльскім шляху», традыцыйнай акцыі апазіцыі. Існуе рэальная пагроза таго, што ўлады не абмяжуюцца гэтым пакараннем і, як ужо бывала, знойдуць спосаб падоўжыць яго знаходжанне ў турме, каб не дапусціць яго знаходжання ў Менску падчас Чэмпіянату свету ў хакеі. Менавіта таму ён аб'явіў сухую галадоўку.

За апошні час Максім Вінярскі правёў у турме больш за 300 сутак, што сур'ёзна паўплывала на стан яго здароўя. Падчас апошняга затрымання супрацоўнікі міліцыі патрабавалі ад яго пакінуць Менск на час правядзення Чэмпіянату свету ў хакеі.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках