27 лiстапада 2024, Серада, 3:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэпутат польскага Сейма сустрэўся з Наталляй Пінчук

2
Дэпутат польскага Сейма сустрэўся з Наталляй Пінчук

Адам Ліпіньскі сустрэўся з жонкай палітвязня Алеся Бяляцкага ў Менску.

Пра гэта паведамляюць польскія СМІ.

У аўторак Ліпіньскі сустрэўся з Наталляй Пінчук, жонкай кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна», палітычнага вязня Алеся Бяляцкага, і перадаў ёй дублікаты дакументаў аб вылучэнні яе мужа на Нобелеўскую прэмію міру. Заява аб кандыдатуры Бяляцкага была адпраўленая ў Нобелеўскі камітэт тыдзень таму. Пад ёй падпісаўся 151 польскі парламентар з урадавай Грамадзянскай платформы (PO) і апазіцыйнай партыі «Закон і справядлівасць» (PiS). Адам Ліпіньскі збіраў подпісы дэпутатаў PiS, а дэпутатаў PO Роберт Тышкевіч.

«Цяпер наша дзейнасць будзе накіраваная на тое, каб рашэнне Камітэта было станоўчым. Мы хочам, перш за ўсё, надаць агалосцы дзейнасць апазіцыі ў Беларусі і палітычных зняволеных у гэтай краіне, у тым ліку Алеся Бяляцкага. Калі Нобелеўскі камітэт зверне на гэта ўвагу, то, магчыма, што рашэнне будзе станоўчым», - лічыць Ліпіньскі.

Наталля Пінчук дадзеную інфармацыю сайту charter97.org пацвердзіла.

«Мне былі аддадзеныя сам зварот і копіі з подпісамі тых, хто пад ім падпісаўся», - сказала яна.

Жонка палітычнага вязня таксама выказала словы падзякі за дадзеную ініцыятыву і за ўвагу дэпутатаў Сейма Польшчы да сітуацыі ў Беларусі.

Нагадаем, Алесь Бяляцкі застаецца ў спісе кандыдатаў на працягу ўсяго тэрміну зняволення. Гэта ўжо трэці раз, калі вядомага беларускага праваабаронцу вылучаюць кандыдатам на атрыманне Нобелеўскай прэміі.

24 лістапада 2011 суд прызнаў кіраўніка «Вясны» вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прысудзіў да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала наяўнасць у яго рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд не ўлічыў, што грошы, якія паступалі на іх, выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках