27 лiстапада 2024, Серада, 5:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бацька Міхаіла Жызнеўскага: У Кіеве адчуў гонар за сына і за Беларусь

22

Бацькі загінулага на Майдане беларуса сустрэліся з прэзідэнтам Украіны.

Ніна і Міхаіл Жызнеўскія вярнуліся з Кіева, дзе Пётр Парашэнка ўручыў ім ордэн Герояў Нябеснай сотні. Іх сын, Міхаіл Жызнеўскі, узнагароджаны ім пасмяротна, піша БелаПАН.

З Кіева Ніна Васільеўна і Міхаіл Пятровіч вярнуліся ў новую кватэру на вуліцы Галавачова, якую купілі на дапамогу ўрада Украіны і ўкраінскіх дабрачынных фондаў і куды перабраліся з дачкой Наташай за пару дзён да паездкі ва ўкраінскую сталіцу.

Запрасілі іх у Кіеў на адкрыццё помніка сыну, які быў забіты на барыкадах на вуліцы Грушэўскага.

«Каля помніка я звярнулася да кіяўлянаў, да жыхароў Украіны, - кажа Ніна Жызнеўская, - каб яны дапамаглі данесці да прэзідэнта Парашэнкі: трэба неяк унесці змяненні ў закон, каб і трое загінулых замежнікаў - грузін, армянін і мой сын - маглі атрымаць званне Героя Украіны. Для чаго мы гэтага дамагаемся? Ды для таго, каб аднавіць добрае імя майго сына ў Беларусі, таму што тут Мішу называюць бандытам і нацыстам».

Прэзідэнт Украіны пачуў бацькоў загінулага на Майдане беларуса і запрасіў іх у сваю рэзідэнцыю.

«Ён нас вельмі цёпла сустрэў, - кажа Ніна Жызнеўская. - Высвятляецца, Парашэнка асабіста ведаў Мішу і адгукаўся пра яго як пра сумленнага, шчырага і справядлівага хлопца!» Ён міратворац - так сказаў Парашэнка. - Таму што ён усё на барыкадах імкнуўся вырашыць мірным шляхам».

Са слоў Ніны Васільеўны, прэзідэнт Украіны іх запэўніў, што будзе імкнуцца, каб Вярхоўная рада ўнесла змены ў заканадаўства і каб вышэйшым званнем можна было ўзнагароджваць і не грамадзян Украіны: «Мы ўсе прэзідэнту распавялі - і як тут Мішу абзывалі, і што сцягі ўкраінскія на Мішынай магіле пад Гомелем зрываюць. Парашэнка сказаў: «калі хочаце, я пазваню Лукашэнку і пагавару з ім на гэтую тэму, каб не чапалі магілу Мішы». Мы сказалі, што не трэба, можа, як-небудзь самі справімся».

Міхаіл Пятровіч дадае, што на просьбу дапамагчы з лячэннем Ніны Васільеўны, у якой вялікія праблемы са здароўем, прэзідэнт Парашэнка распарадзіўся правесці яе медыцынскае абследаванне ў клініках Кіева. Акрамя таго, паведаміў, што Украіна будзе даплочваць Ніне Жызнеўскі да пенсіі за сына - як за страту карміцеля.

«Калі Парашэнка ўручыў нам ордэн Герояў Нябеснай сотні, - кажа бацька, - я адчуў - адчуваў гэта і раней - гонар за сына. І за Беларусь, дзе вырас такі герой, якіх ахвяраваў жыццём за свабоду. Для Мішы Украіна стала другой радзімай, і сын не саромеўся пра гэта казаць».

Міхаіл Жызнеўскі стаў другой па ліку ахвярай на Майдане ў Кіеве. Невядомы снайпер на вуліцы Грушэўскага трапіў прама ў сэрца 25-гадовага беларуса.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках