Аўтамайдан і Клічко абвясцілі «сафары» на цітушак (Відэа)
41- 21.01.2014, 10:25
- 49,915
Дэманстранты затрымалі і дапыталі дзесяткі правакатараў у Кіеве.
Затрыманых «цітушак» дастаўлялі ў заняты апазіцыяй Дом прафсаюзаў. Падчас допыту адзін з хлопцаў, які браў удзел у пагромах ноччу ў цэнтры Кіева і быў затрыманы, распавёў, што іх па тэлефоне паднялі і сказалі «ставаць у строй».
«Каля метро з белага пікапа нам раздалі малаткі (для адбіўных) і пакуначкі з парашком. Сказалі «расслабляйцеся», - распавёў адзін з затрыманых актывістамі. Як пасля высветлілася, хлопчык, якога дапытвалі, вучыцца яшчэ ў школе, у 11 класе. Яму абяцалі заплаціць за ноч 250 грн. Грошай яшчэ не далі.
Іншы дапытуемы сказаў, што ён з сябрамі на Падоле проста адпачываў.
Актывісты Аўтамайдана злавілі цітушак на Падоле, піша ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» актывіст Azad Safarov. Убачыўшы людзей, большасць уцяклі. Засталіся падлеткі.
Кажуць, абяцалі заплаціць 220 грыўняў за ноч. У іх дубінкі.
Лідар «Удару» Віталь Клічко ноччу злавіў двух «цітушак» і даведаўся, што іх спецыяльна прывезлі з Херсона, каб ладзіць у Кіеве беспарадкі. Пра гэта на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» напісала прэс-сакратар палітыка Аксана Зіноўева.
«Клічко ганяе цітушак. З Грушэўскага падняўся на Міхайлаўскую. Зараз дайшоў да групы побач з Макдональдсам на Хмяльніцкага. Іх там больш за сотню. Пачалі бойку! Падцягваюцца аўтамабілісты, - піша Зіноўева. - Клічко злавіў двух цітушак, дапытаў і раззброіў. Сказалі, што прывезлі іх з Херсона. Заданне - біць машыны, вітрыны, блакаваць дарогі і ладзіць масавыя беспарадкі і бойкі»
На думку Клічко, «цітушкі» ў цэнтры Кіева - гэта план улады па падрыхтоўцы правакацый з мэтай увядзення надзвычайнага становішча.