Мядзведзеў спытае з Мясніковіча за арышт Баўмгертнера
56- 3.09.2013, 17:07
- 58,091
Кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Расеі ў Астане, магчыма, абмяркуюць арышт гендырэктара «Уралкалію».
Такое меркаванне выказаў палітолаг Андрэй Суздальцаў, каментуючы сайту charter97.org магчымую сустрэчу прэм'ер-міністраў Расеі і Беларусі ў сталіцы Казахстана.
«Пакуль што гэтая інфармацыя афіцыйна не пацверджаная, але такая сустрэча магчымая. Калі ж Міхаіл Мясніковіч і Дзмітрый Мядзведзеў сустрэнуцца, то будуць абмяркоўваць цяжкія пытанні ў сённяшніх узаемаадносінах Расеі і Беларусі. Акрамя захопу ў закладнікі кіраўніка «Уралкалію», будуць узнятыя пытанні па пастаўках нафты, па новым крэдыце і гэтак далей», - перакананы эксперт.
Паводле яго слоў, самае важнае - гэта дакладнасць гэтай інфармацыі, і хто быў ініцыятарам гэтай сустрэчы.
«Нягледзячы на тое, што Пуцін і Лукашэнка, а таксама прэм'ер-міністры Расеі і Беларусі не каментуюць арышт Баўмегертнера, на асабістай сустрэчы прэм'ераў гэтае пытанне будзе закранацца. Датычна выкарыстання Мясніковіча ў якасці прынады я лічу, што ён наогул быў не ў курсе таго, што запрашэнне ім гендырэктара «Уралкалію» ў Менск будзе выкарыстана такім чынам», - сказаў на заканчэнне Андрэй Суздальцаў.
Нагадаем, па паведамленнях крыніцы ў расейскім урадзе, у верасні ў Казахстане адбудзецца сустрэча прэм'ер-міністраў Расеі і Беларусі.
26 жніўня ў Беларусі быў затрыманы гендырэктар «Уралкалію» Уладзіслаў Баўмгертнер. Яму было прад'яўленае абвінавачванне ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, магчымая санкцыя - пазбаўленне волі на тэрмін да дзесяці гадоў.
Напярэдадні арышту ён знаходзіўся ў Беларусі па пісьмовым запрашэнні прэм'ер-міністра краіны Міхаіла Мясніковіча.
Запрашэнні былі таксама накіраваныя старшыні савета дырэктараў «Уралкалію» Аляксандру Валошыну і акцыянеру кампаніі Сулейману Керымаву.