Барыс Жэліба: Крэмль ударыў па самых хворых месцах эканомікі Беларусі
22- 3.09.2013, 13:00
- 46,828
Пазіцыя Масквы з нагоды скарачэння паставак нафты ў Беларусь будзе нязменнай, пакуль не вызваляць Баўмгертнера.
Такое меркаванне сайту charter97.org выказаў эканаміст Барыс Жэліба, каментуючы плануемы візіт Сямашкі ў Маскву для ўзгаднення нафтавага балансу.
«Безумоўна, што ў скарачэнні паставак нафты ёсць палітычны фактар, які звязаны з арыштам генеральнага дырэктара «Уралкалію». Расея вымушаная была неяк адрэагаваць і зрабіла гэта. Крэмль ударыў па самых хворых месцах беларускай эканомікі. Перш за ўсё, гэта нафта. Расейскі бок абвясціў пра скарачэнне паставак нафты, хоць да гэтага ўсё было нармальна. Графік быў паквартальны, і ў Беларусь пастаўлялі ў сярэднім 5,25 млн тон нафты кожны квартал. Але цяпер Масква ўзгадала старую лічбу у 18,5 мільёнаў тон і сказала, што будзе менавіта столькі і не па трубаправодах, а ў цыстэрнах па чыгунцы», - адзначыў навуковец.
Эксперт перакананы, што далейшы ход падзей залежыць ад таго, выпусцяць Баўмгертнера ці не.
«Я думаю, што пазіцыя Масквы, якую будзе прадстаўляць на сустрэчы з Сямашкам Дварковіч, будзе нязменнай. Калі пастаўкі нафты можна аднавіць у выпадку вызвалення Баўмгертнера, то на калійным рынку сітуацыю ўжо не вернеш, і страты там непазбежныя. І, вядома, гэта выкліча напружанасць на ўнутраным валютным рынку з усімі наступствамі. Расея прадае Беларусі нафту па 400 даляраў за тону. Але Беларусь вырабляе нафтапрадукты і прадае іх больш 700 даляраў за тону», - падкрэсліў эканаміст.
Ён дадаў, што такім чынам страты з-за скарачэння паставак нафты будуць велізарнымі.
«Але на дадзены момант самыя вялікія страты на калійным фронце. Па некаторых падліках, да канца года мы страцім мільярд даляраў. У любым выпадку, мінус на калійным рынку будзе складаць сотні мільёнаў даляраў. І тое ж самае будзе і на нафтавым рынку, калі сітуацыя не зменіцца. Скарачэнне паставак нафты адаб'ецца на кошце паліва на ўнутраным рынку Беларусі. Калі раней кошты павышалі ў адпаведнасці з інфляцыяй, то цяпер будзе дадатковы фактар, які падштурхоўвае новае павышэнне коштаў на паліва. Я думаю, што да канца года яны яшчэ вырастуць», - падсумаваў Барыс Жэліба.
Нагадаем, беларускі віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка хоча сустрэцца ў Маскве з намеснікам старшыні ўрада РФ Аркадзем Дварковічам. Адным з асноўных пытанняў парадку дня сустрэчы віцэ-прэм'ераў, як правіла, з'яўляецца ўзгадненне паставак расейскай нафты ў Беларусь.