27 лiстапада 2024, Серада, 11:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сланцавы газ: рэвалюцыя ў энергетычнай рэальнасці

24
Сланцавы газ: рэвалюцыя ў энергетычнай рэальнасці

Канкурэнты спрабуюць свядома дыскрэдытаваць здабычу сланцавага газу, каб не страціць свае прыбыткі.

Чалавеку, які прызвычаіўся да тэхналогій і выгод, цяжка ўявіць хоць бы адзін дзень без рознага роду энергіі. Яна неабходная, і яе трэба ўсё больш. «Зялёныя» тэхналогіі і інавацыі паступова становяцца прыродазберагальнай альтэрнатывай традыцыйнай энергетыцы, але яна ўсё яшчэ эканамічна мэтазгодная, піша літоўскі партал Geopolitika.lt.

Адной з новых крыніц энергіі стаў сланцавы газ. Ён адносна танны і экалагічна больш «чысты», чым нафта. Акрамя таго - досыць шырока распаўсюджаны. Амерыцы сланцавы газ (запасы якога там складаюць 1883 млрд. кубаметраў) ужо дапамог стаць энергетычна больш незалежнай краінай.

Цікавасць да сланцавага газу прывяла да росту інвестыцый у тэхналогіі яго здабычы. Яны ўключаюць у сябе гарызантальнае свідраванне і гідраўлічны разрыў пласта. Пры гарызантальным свідраванні спачатку яно вядзецца вертыкальна, а потым гарызантальна. Манеўранасць свідравой устаноўкі зніжае затраты на здабычу і прыносіць меншую шкоду навакольнаму асяроддзю, так як няма неабходнасці ў свідраванні другой свідравіны. Гідраўлічны ціск, які ствараецца з выкарыстаннем вады, пяску і розных хімікатаў, разбурае сланцавую пароду і вызваляе газ, які знаходзіцца ў ёй і падымаецца на паверхню па вертыкальнай свідравіне.

Здабыча сланцавага газу станоўча адбілася на ўсёй эканоміцы ЗША - асабліва на амерыканскай хімічнай прамысловасці, якая дзякуючы гэтаму знізіла выдаткі на вытворчасць такога патрэбнага ёй метылену (пры гэтым будаўніцтва новых заводаў па вытворчасці дадзенага рэчыва створыць аж да 1 млн. працоўных месцаў).

Аднак грамадскасць турбуюць і пагрозы, звязаныя з працэсам здабычы сланцавага газу. Адны з найбольш часта згадваных - інтэнсіўнае выкарыстанне вады (у тым ліку пітной) і рызыка забруджвання грунтавых вод. Але і здабыча нафты патрабуе вялікай колькасці вады, без якой сёння можна здабыць толькі 1/3 разведаных запасаў «чорнага золата». Выкарыстанне хімікатаў для здабывання сланцавага газу без належных мер бяспекі сапраўды можа прывесці да забруджвання грунтавых вод. Аднак тэхнолагі сцвярджаюць, што сланцавы газ звычайна размешчаны ніжэй, а адводныя трубы, якія праходзяць скрозь пласты грунтавых вод, абароненыя ад уцечкі. Зразумела, ад аварый ніхто не застрахаваны. Так і танкеры тонуць.

Усё ж Кангрэс абавязаў Агенцтва па ахове навакольнага асяроддзя ЗША правесці даследаванне ўплыву здабычы сланцавага газу на навакольнае асяроддзе. Яно павінна было быць завершана ў 2012 г., але затым тэрміны здачы справаздачы былі перанесеныя на 2014 г. У той жа час Велікабрытанія ў 2011 г. правяла сваё даследаванне на гэты конт, і яно не выявіла сур'ёзных пагроз. Але пра поўную бяспеку гаворка, вядома, ісці не можа. Проста кожная краіна павінна сама вырашаць, на што яна гатовая пайсці дзеля эканамічнай выгады і/або энергетычнай бяспекі (нават у ЗША розныя штаты па-рознаму глядзяць на сланцавы газ).

Для таго, каб сланцавы газ стаў неад'емнай часткай сусветнага энергетычнага рынку, яму трэба пераадолець рэпутацыйныя і нарматыўныя бар'еры, так як давер з'яўляецца асновай бізнесу. Пры гэтым варта памятаць пра тое, што канкурэнты могуць свядома спрабаваць дыскрэдытаваць сланцавы газ, каб не страціць свае прыбыткі. Напрыклад, ён перашкаджае развіццю альтэрнатыўнай энергетыкі. Аднак нафта па меншай меры ў найбліжэйшай будучыні застанецца галоўнай сусветнай крыніцай энергіі. Праўда ў Амерыцы імпарт энергарэсурсаў у 2035 г. дзякуючы сланцаваму газу можа знізіцца да 1%. Хіба што незразумела, што будзе з коштам на яго. Пакуль у ЗША ён застаецца нізкім, паколькі прапанова перавышае попыт эканомікі, а перспектывы сусветнага экспарту амерыканскага сланцавага газу да гэтага часу неадназначныя.

Дзяржавай, якая ўжо паспела пацярпець ад «сланцавай рэвалюцыі» ў ЗША, з'яўляецца Канада, якая займае трэцяе месца ў свеце па экспарце прыроднага газу. Палова яго прыходзілася на Амерыку, а цяпер трэба шукаць новыя рынкі збыту. Таму канадцам у 2011 г. прыйшлося вылучыць 5 млрд. даляраў на будаўніцтва СПГ тэрмінала ў Брытанскай Калумбіі, каб экспартаваць свой звадкаваны газ у Азію (Японію, Паўднёвую Карэю, Кітай і г.д.).

Абагульняючы, можна сказаць, што сланцаваму газу яшчэ прыйдзецца пазмагацца за права называцца адной з асноўных сусветных крыніц энергіі. Той факт, што ён выклікае ўсё большую цікавасць у розных краін і суправаджаецца бесперапыннымі размовамі пра экалагічную бяспеку, азначае, што канкурэнты занепакоіліся. Амерыка ўжо змяніла сваю энергетычную рэальнасць, а цяпер можа змяніць геаэканамічную сітуацыю ва ўсім свеце.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках