Лукашэнка - будаўнікам: «Кайданкі - і ў камеру»
86- 23.07.2013, 15:19
- 62,696
Кіраўнік запатрабаваў павысіць эфектыўнасць дзейнасці рабочай групы па праблемах будаўнічай галіны.
«Мы дамовіліся, што працуем па прынцыпе: выявілі праблему і неадкладна яе вырашылі. Прытым жалезна і жорсткім чынам. Таму што гэтая праблема ўжо зашкальвае. Насельніцтва вельмі незадаволенае, асабліва тыя, хто вядзе будаўніцтва, прад'яўляе абгрунтаваныя скаргі. Гэта ненармальна, недапушчальна ў той час, калі працуе камісія», - адзначыў Лукашэнка, прымаючы ў аўторак з дакладам аб ходзе работы групы кіраўніка адміністрацыі Андрэя Кабякова, старшыняў КДБ і Камітэта дзяржкантролю Валерыя Вакульчыка і Аляксандра Якабсона.
Кіраўнік нагадаў, што перад групай была пастаўленая задача - вызначыць глыбінныя праблемы будаўнічай галіны і навесці ў ёй парадак.
«Ёсць праблема - бярэм яе і вырашаем. Прытым пачынаючы ад канкрэтнага дома, які не будуецца або будаўніцтва якога пратэрмінаванае па віне будаўнікоў або забудоўшчыкаў, і заканчваючы рашэннямі на заканадаўчым узроўні, калі для гэтага ёсць нейкая неабходнасць», - сказаў Лукашэнка.
Ён таксама заявіў пра сваё незадавальненне працай групы і запатрабаваў актывізаваць працу групы, павысіць эфектыўнасць, павялічыць патрабаванні да адказных асобаў.
«Убачылі ў СМІ нейкі зварот групы нашых грамадзян або пачулі пра гэта - неадкладна праверылі. Калі хтосьці не выпраўляе - дадзеная каманда праваахоўным органам: кайданкі - і ў камеру. І няхай тады думаюць, як працаваць з народам», - заявіў кіраўнік.
Лукашэнка папярэдзіў, што маніторынг праблем будаўнічай галіны - гэта «толькі пачатак». Пра гэта ён казаў і раней. Месяц таму кіраўнік сказаў, што будаўнікі «зажраліся», і раскрытыкаваў за нізкую прадукцыйнасць працы.