Някляева будуць судзіць 25 ліпеня
8- 16.07.2013, 13:47
- 25,964
Суд па справе былога кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева прызначаны на 25 ліпеня.
Пра гэта ён паведаміў сайту charter97.org.
«Сёння мне даслалі позву ў суд на 25 ліпеня. Я лічу, што мяне, Ірыну Халіп, Мікалая Статкевіча, Змітра Дашкевіча і ўсіх астатніх палітвязняў вызваляць і рэабілітуюць. Але, на жаль, наўрад ці гэта адбудзецца 25 ліпеня гэтага года. Пры сённяшняй уладзе ў Беларусі разлічваць на нешта добрае не прыходзіцца. Тым не менш, як і любы чалавек, я гэтага хацеў бы. Нягледзячы на ўсе змены ў палітыцы Еўразвяза ў адносінах да Беларусі, сутнасць рэжыму Лукашэнкі застаецца нязменнай. Так што нічога дзіўнага я ў гэтым не бачу», - заявіў старшыня грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!».
Нагадаем, 20 траўня 2011 года Уладзімір Някляеў быў прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады. Прысуд вынесла суддзя суда Фрунзенскага раёна Менска Жанна Жукоўская. Экс-кандыдат у прэзідэнты быў прызнаны вінаватым па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».
22 ліпеня 2011 года калегія Менскага гарадскога суда пакінула прысуд Фрунзенскага суда без зменаў.
10 чэрвеня 2013 года Уладзіміру Някляеву ў чарговы раз было адмоўлена ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце нападу на яго 19 снежня 2010 года.