5 лiстапада 2024, aўторак, 10:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таемныя гульні вакол дакладу Палецкіса

18
Таемныя гульні вакол дакладу Палецкіса

Юстас Палецкіс пагаварыў аб сваёй справаздачы з «ценевымі дакладчыкамі»

Абмеркаванне прайшло сёння. З ягоных слоў, акрамя асноўнага дакладчыка для ўсякай справаздачы кожная фракцыя Еўрапарламэнта прызначае свайго «ценевага дакладчыка», перадае БелаПАН.

«Іхняя роля палягае ў каардынацыі пазіцыі сваёй фракцыі ў дакладзе, у праўках і дадатках, што ўносяцца ў яе, - сказаў Палецкіс. - Калі фракцыі вызначацца з пазіцыяй, я зноў збяру «ценевых дакладчыкаў», і мы будзем знаходзіць агульную пазіцыю. Яны таксама могуць паведамляць, як будуць галасаваць іхныя фракцыі ў нейкіх пунктах дакладу».

Кажучы аб сённяшняй сустрэчы, еўрадэпутат адзначыў: «Была добрая гутарка. Думаю, што мы знайшлі агульную платформу».

Пасля ўнясення правак скандальны даклад будзе пададзены на паўторны разгляд Камітэта замежных спраў ЕП. Папярэдні разгляд справаздачы аб Беларусі запланаваны на 8 ліпеня. Затым даклад будзе вынесены на абмеркаванне на пленарнай сэсіі Еўрапарламэнта.

Палецкіс таксама паведаміў, што 12 чэрвеня мінае тэрмін ўнясення ў даклад правак і дадаткаў.

«Мы ўжо атрымалі некаторыя папраўкі да дакумэнта. Але, думаю, найбольшую іх колькасць мы атрымаем апошнімі днямі, - сказаў ён. - Я сам ужо падрыхтаваў некалькі дзясяткаў паправак, дэталізаваў даклад. Збольшага гэта тычыцца сітуацыі з правамі чалавека, эканамічнага і сацыяльнага становішча, статыстыкі міжнародных арганізацый і таго, як Беларусь выглядае на фоне іншых краін Усходняга партнёрства і ЕЗ».

Даклад быў падрыхтаваны ў выніках візіту Юстаса Палецкіса ў Менск 18-21 сакавіка і выклікаў неадназначную рэакцыю ў Беларусі. Прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы скрытыкавалі яго за тое, што ў ім сказана аб «паляпшэнні сітуацыі» з правамі чалавека ў краіне ў 2012 годзе. Палецкіс, у сваю чаргу, сцвярджаў, што такую выснову ён зрабіў на падставе інфармацыі беларускіх праваабаронцаў. Пазней ён прызнаў: фармулёўка пра «паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека» ў справаздачы няўдалая і будзе змененая.

Дэпутат Еўрапарламэнта ад Польшчы Яцэк Сарыюш-Вольскі паставіў пад сумнеў мандат Палецкіса. Ён сказаў, што аўтар скандальнай справаздачы аб сітуацыі ў Беларусі ездзіў у Менск з уласнай ініцыятыве або на запрашэнне мясцовых улад.

Нагадаем, Юстас Палецкіс фігуруе ў плане выратавання рэпутацыі дыктатуры Лукашэнкі лорда Бэла. Справаздача змяшчае пункт «Дырэктыўнае лабіяванне», дзе гаворыцца аб працы з канкрэтнымі афіцыйнымі асобамі і палітыкамі ЕЗ.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках