Юрый Джыбладзэ: Ёсць рэальныя рычагі ўздзеяння на рэжым Лукашэнкі
36- 10.06.2013, 13:51
- 123,786
У ААН разгарэлася сур'ёзная барацьба з-за дакладу па сітуацыі ў Беларусі.
У Жэневе праходзіць 24 сесія Рады ААН па правах чалавека - галоўнага органа Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, які займаецца праблемай правоў чалавека ў свеце. 4 чэрвеня ў рамках сесіі адбылося прадстаўленне першай справаздачы спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаша Харашці, які быў прызначаны ў ліпені мінулага года. Даклад утрымліваў жорсткую крытыку палітыкі беларускіх уладаў, заяўлялася пра жорсткае абыходжанне з палітвязнямі ў турмах, якое можа быць прыраўнянае да катаванняў, а таксама пра сістэмныя парушэнні рэжымам Лукашэнкі правоў чалавека.
12-13 чэрвеня Рада ААН па правах чалавека разгледзіць рэзалюцыю па Беларусі, заснаваную на дакладзе Міклаша Харашці. Пра перспектывы прыняцця гэтай рэзалюцыі і падаўжэння мандата спецдакладчыка па Беларусі разважае ў інтэрв'ю charter97.org прадстаўнік Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, прэзідэнт расейскага Цэнтра развіцця дэмакратыі і правоў чалавека Юрый Джыбладзэ, які ўдзельнічаў у спрэчках 4 чэрвеня:
- У дзень разгляду дакладу Міклаша Харашці ў ААН разгарэлася сур'ёзная барацьба, якая, зрэшты, чакалася, таму што, як вядома, беларускі ўрад не прызнае мандат спецдакладчыка і не пусціў яго ў краіну, адмовіўшыся ад супрацоўніцтва. Пры гэтым афіцыйны Менск заяўляў, што гэтая ініцыятыва Еўразвяза з'яўляецца палітычным інструментам, накіраваным на змену ўлады ў Беларусі і не мае ніякага дачынення да правоў чалавека. Гэтая пазіцыя знаходзіць даволі сур'ёзную падтрымку з боку аўтарытарнага «клуба» цэлага шэрагу краін, які, на жаль, зараз узначальваецца Расеяй.
Уласна, Расея была першай краінай, якая выступала ў гэтых спрэчках. Больш за тое, Расея выступала двойчы. Спярша яна выступіла ў ролі прадстаўніка (мы нават не маглі паверыць сваім вушам!) «групы краін-аднадумцаў». У Радзе ААН па правах чалавека існуюць тэрытарыяльныя групы: заходняя, азіяцкая, афрыканская, лацінаамерыканская і г. д. Яны ж самаідэнтыфікаваліся як «група краін-аднадумцаў», у якую ўвайшлі дзяржавы самых розных кантынентаў, але якіх аб'ядноўвае поўнае грэбаванне правамі чалавека і аўтарытарная сістэма ў кіраванні.
Некалькі гадоў таму яшчэ можна было сабе ўявіць, што Расеі будзе сорамна стаць лідарам такой групы краін, але цяпер прадстаўнік РФ горда зачытаў «аднадумцаў»: Іран, Венесуэла, Куба, Кітай, Лаос, Зімбабвэ і гэтак далей. Усе гэтыя дзяржавы катэгарычна выступілі супраць стварэння мандатаў спецдакладчыкаў па сітуацыі ў якіх-небудзь краінах і, у прыватнасці, па Беларусі.
Таму было надзвычай важна выступаць падчас гэтых спрэчак, тлумачачы важнасць пастаяннай увагі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і ўсёй міжнароднай супольнасці да крызісу з правамі чалавека, які працягваецца ў Беларусі.
- Як вы ацэньваеце даклад Міклаша Харашці?
- Міклаш Харашці - вельмі добры дакладчык. Яго справаздача вельмі дакладна і ясна ілюструе, што сітуацыя ў Беларусі з моманту прыняцця мінулагодняй рэзалюцыі ААН і стварэння пасады спецдакладчыка ніколькі не палепшылася, а нават наадварот - пагоршылася.
Спецдакладчык выразна паказвае гэта пагаршэнне: утрыманне ў турмах палітычных зняволеных, ціск на іх з мэтай выбіць прашэнні аб памілаванні і прызнанне віны, пераслед грамадзянскай супольнасці і апазіцыі, незалежных журналістаў, адвакатаў, свабода аб'яднанняў, сходаў, выказвання меркаванняў, якія фактычна адсутнічаюць, катаванні ў сістэме выканання пакаранняў, беспакаранасць парушальнікаў правоў чалавека, адсутнасць незалежнай судовай сістэмы і атмасфера страху ў краіне.
Гэты даклад і праца спецдакладчыка неабходныя для таго, каб будаваць адносіны рэжыму Лукашэнкі і міжнароднай супольнасці на прынцыпах захавання міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека, пачынаючы з самай базавай - вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітвязняў, якія цяпер знаходзяцца за кратамі, і рэабілітацыі ўсіх, хто быў вызвалены ці ўжо адседзеў свае тэрміны.
Неабходна працягваць назіранне за сітуацыяй у Беларусі, таму што вельмі многія спадзяюцца (не толькі Беларусь, але і ўся гэтая група аўтарытарных краін) спыніць мандат спецдакладчыка.
- Чаго так баіцца гэты аўтарытарны «клуб» і чаму так важны мандат спецдакладчыка па Беларусі?
- Зараз узмацняюцца галасы тых, хто выступае за аднаўленне «дыялогу» з рэжымам Лукашэнкі без папярэдніх умоваў, нібыта зыходзячы з таго, што ціск, заснаваны на патрабаваннях захавання правоў чалавека і вяршэнства права, не прыносіць выніку. Зразумела, што калі працягваць ўважлівае і прынцыповае назіранне за сітуацыяй у Беларусі сіламі спецдакладчыка і ва ўзаемадзеянні з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, апазіцыі, незалежных журналістаў, «дыялогу» без умоваў не атрымаецца.
Тое, што Харашці не можа трапіць у Беларусь, не значыць, што ён не ведае сітуацыі, таму што ён сустракаецца з беларусамі ў Вільні, Кіеве, Маскве, Варшаве. Акрамя таго, ёсць інтэрнэт і магчымасць паразмаўляць з ахвярамі і сваякамі ахвяр. Ён вельмі добра ведае сітуацыю.
Эфектыўны ціск на рэжым Лукашэнкі могуць аказаць тыя, у каго з ім ёсць эканамічныя адносіны, у прыватнасці, краіны Еўрапейскага Звяза і Злучаныя Штаты. (Зразумела, што і Расея гуляе сваю ролю, але ў гэтым сэнсе Расея аказвае ціск у сваіх уласных інтарэсах, ніяк не звязваючы гэта з правамі чалавека і вяршэнствам права). Для таго, каб стратэгія ў дачыненні да Беларусі была заснаваная на прынцыповых пазіцыях, неабходная жорсткая рэзалюцыя ААН, аб'ектыўныя матэрыялы спецдакладчыка і ўвага да сітуацыі ў Беларусі ў будучыні.
Гэтыя патрабаванні, гэтая рэзалюцыя могуць паслужыць асновай для палітыкі тых, у каго ёсць рэальныя рычагі ўздзеяння на рэжым Лукашэнкі. У адваротным выпадку пачынаюцца палітычныя гульні, заснаваныя часта на эканамічных інтарэсах і на асабістых інтарэсах некаторых палітыкаў, якім трэба прадэманстраваць нейкі «поспех».
Калі гэтая стратэгія будзе заснаваная менавіта на правах чалавека з спасылкай на ААНаўскія дакументы, то вельмі цяжка будзе здзяйсняць нейкія здзелкі з рэжымам, фактычна гуляючы па правілах Лукашэнкі, пагаджаючыся на гандаль вакол закладнікаў і не вылучаючы патрабаванняў сістэмных зменаў, прыцягнення парушальнікаў правоў чалавека да адказнасці, расследавання падзеяў 19 снежня 2010 года.
- Хто, на вашу думку, пераможа пры разглядзе рэзалюцыі: цывілізаваны свет ці «клуб» дыктатараў?
- Праект рэзалюцыі падтрымалі краіны Еўразвяза, да яе далучаецца ўсё большая колькасць іншых краін. На беларускім прыкладзе відавочнае супрацьстаянне дзяржаў, якія прытрымліваюцца закладзеных у статуце ААН і ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека прынцыпаў і каштоўнасцяў, і тых аўтарытарных краін, якія ад гэтых прынцыпаў даўно адышлі або ніколі іх не прытрымліваліся.
Шанцы добрыя. Вядома, непазбежныя нейкія кампрамісы. Але мы спадзяемся, што гэтыя кампрамісы не будуць насіць прынцыповага характару. Мы таксама спадзяемся, што мандат спецдакладчыка будзе працягнуты, як мінімум, на год. Але самае галоўнае - важныя дакладныя і зразумелыя крытэры, на якіх павінна грунтавацца любое ўзаемадзеянне з рэжымам Лукашэнкі.