6 лiстапада 2024, Серада, 6:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь чакае інфляцыя ў 20% і ўцёкі жыхароў з краіны

112
Беларусь чакае інфляцыя ў 20% і ўцёкі жыхароў з краіны

Гадавы рост коштаў у Беларусі будзе значна вышэй за прагназаваны ўрадам.

Пра гэта заяўляюць практычна ўсе вядомыя незалежныя эксперты краіны.

Актыўная дынаміка росту коштаў у Беларусі, на думку незалежных эканамістаў, пакідае мала шанцаў на тое, што інфляцыя ў 2013 годзе застанецца ў запланаваных параметрах. У выніку за гэтыя пралікі давядзецца расплачвацца насельніцтву краіны, перадае Deutsche Welle.

«Неактуальны» неспакой?»

Паводле дадзеных Белстата, толькі ў першым квартале бягучага года інфляцыя склала 5,4 адсотка. І гэта - пры гадавым прагнозе ў 12 адсоткаў.

11 красавіка, адразу пасля апублікавання гэтай інфармацыі, Лукашэнка выклікаў да сябе кіраўніка Нацбанка Надзею Ермакову. Фрагменты іх сустрэчы, якія з’явіліся на тэлеэкранах былі закліканыя пераканаць насельніцтва, што ў беларускай эканоміцы ўсё пад кантролем. Лукашэнка растлумачыў, што цяпер «актуальнасць у росце коштаў адсутнічае», а Ермакова у сваю чаргу заявіла, што сітуацыя на фінансавым рынку краіны спакойная. «З тых разлікаў, якія ёсць у эканоміцы, мы не бачым прычын для турботы», - запэўніла яна.

Зрэшты, незалежныя эксперты гэтай упэўненасці не падзяляюць. Былы кіраўнік Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч лічыць, што верагоднасць выхаду інфляцыі за рамкі прагнозу «існуе на 100 адсоткаў». Па словах Багданкевіча, гэта абумоўлена ростам грашовай масы ў краіне, ростам тэмпаў крэдытавання эканомікі.

20 адсоткаў - прагноз рэальны

«Урад не мае праграмы аздараўлення эканомікі. А такая праграма ў першую чаргу павінна быць накіраваная на перамогу над інфляцыяй», - адзначыў Станіслаў Багданкевіч. Паводле яго ацэнкі, у бягучым годзе рэальныя тэмпы інфляцыі ў Беларусі могуць быць падобныя на леташнія і скласці каля 20 адсоткаў.

20-адсоткавая гадавая інфляцыя здаецца больш рэалістычнай і незалежнаму эканамісту Леаніду Злотнікаву. Аднак такое становішча, паводле яго слоў, можна прагназаваць, зыходзячы з цяперашняга развіцця сітуацыі на фінансавым рынку краіны. Шмат што залежыць ад паступлення валюты - ад прыватызацыі буйных прадпрыемстваў ці міждзяржаўных крэдытаў. Калі такія паступленні будуць, урад зможа трымаць сітуацыю з інфляцыяй пад кантролем. Калі ж золатавалютныя рэзервы пачнуць скарачацца, а насельніцтва будзе скупляць валюту, то, на думку Злотнікава, у Беларусі можа паўтарыцца сітуацыя 2011 года, калі эканоміка краіны апынулася ў вельмі глыбокім крызісе.

Ва ўрадавыя прагнозы не верыць і незалежны эканаміст Міхаіл Залескі. Паводле яго слоў, такія планы першапачаткова маюць мала агульнага з рэальнасцю, так як заснаваныя не на вывучэнні эканамічных працэсаў і тэндэнцый у краіне, а на пажаданнях, якія паступаюць з адміністрацыі прэзідэнта. У выніку прагнозы па інфляцыі, росту ВУП і іншых параметрах эканамічнага развіцця дзяржавы вельмі часта не спраўджваюцца. Аднак гэта не перашкаджае ўраду «маляваць» на наступны год яшчэ больш вясёлкавыя пражэкты, адзначае Залескі.

Заявамі сыты не будзеш

Следствам росту інфляцыі, як адзначае Міхаіл Залескі, стане дадатковая нагрузка на працадаўцаў і адпаведна на работнікаў. «Людзям прыйдзецца перакройваць свае сямейныя бюджэты, скупляць валюту», - прагназуе эканаміст. Пры гэтым з Беларусі працягнецца працоўная міграцыя, якую Залескі інакш, як «эвакуацыяй», не называе.

Старшыня грамадскага аб'яднання пенсіянераў «Наша пакаленне» Таццяна Зялко абяцанням уладаў утрымаць інфляцыю таксама не верыць. Калі ўрад індэксуе пенсіі ў сувязі з інфляцыйнымі працэсамі, якія адбываюцца ў краіне, «я з жахам назіраю, што мы становімся бядней і бядней», - прызналася Зялко.

Надзея не на дзяржаву

Паколькі ў 2013 годзе прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі не плануецца, Таццяна Зялко на рэальнае павышэнне пенсій не разлічвае. Паводле яе слоў, спадзявацца даводзіцца толькі на дапамогу дзяцей і на ўласныя прысядзібныя ўчасткі. «Там пенсіянеры аруць, каб сябе пракарміць», - распавядае лідэр грамадскай арганізацыі. А ў гэтым годзе, зыходзячы з росту коштаў на прадукты, тарыфы на камунальныя паслугі, араць прыйдзецца яшчэ больш, перакананая Зялко. Заявамі жа чыноўнікаў аб спакойнай фінансавай сітуацыі сыты не будзеш.

«З-за гэтага блефу, які паказваюць па тэлевізары, часам разбіць яго хочацца. Такім заявам аб эканамічнай стабільнасці ўжо, па-мойму, ніхто не верыць », - прызнаецца субяседніца.

Напісаць каментар 112

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках